У Полацкім раёне працягваюць аднаўляць дом, часткова разбураны выбухам
Аднаўляюцца сцены і дах
У аграгарадку Захарнічы ў Полацкім раёне аднаўляюць двухпавярховы жылы дом, часткова разбураны выбухам. Як піша "Полацкі веснік", працы ідуць штодня. Аднаўляецца вонкавая сцяна, унутраныя перагародкі, перакрыцці. Пасля будуць устаўляцца вокны, дзверы, у адной з кватэр з'явіцца печка замест разбуранай. Жыхары дома атрымалі часовае жыллё.
Выбух адбыўся ўвечары 5 снежня ў адной з кватэр на другім паверсе. Былі часткова разбураны сцены, абрынуліся перакрыцці. Спачатку меркавалася, што выбухнуў газавы балон, што не пацвердзілася. Пацярпелы 47-гадовы мужчына (яго знайшлі пад заваламі) распавёў, што, адкрыўшы фортку, ён "падкурыў цыгарэту", і ў гэты час адбыўся выбух. Мяркуецца, што перад гэтым была ўцечка газу. Таксама пацярпела 83-гадовая маці мужчыны.
Раённая газета адзначае, што абставіны і прычыны выбуху дагэтуль высвятляюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.