Выратаваны мужчына, кажа, што выбух адбыўся, калі ён "падкурыў цыгарэту"

У будынку абрынулася частка перакрыццяў і сцяны

У будынку абрынулася частка перакрыццяў і сцяны / vitebsk.mchs.gov.by

Выратаваны ў Полацкім раёне з-пад завалаў мужчына расказаў пра тое, што было перад выбухам. Паводле яго слоў, якія пераказваюць ратавальнікі, маці знаходзілася ў суседнім пакоі, а ён вырашыў папаліць на кухні. Адкрыўшы фортку, мужчына "падкурыў цыгарэту", і ў гэты час адбыўся выбух.

5 снежня каля 19:30 у Полацкім раёне ў аграгарадку Захарнічы на другім паверсе шматкватэрнага дома адбыўся выбух. Спачатку меркавалася, што выбухнуў газавы балон. Аднак пазней спецыялістамі "Полацкгаза" было ўстаноўлена, што "цэласнасць устаноўкі звадкаванага газу і двухканфорачнай пліты не парушаная", а "краны на пліце і вентыль газавага балона зачыненыя"

У выніку выбуху ў кватэры на другім паверсе частка сцяны і перакрыццяў абрынуліся. Ратавальнікі дасталі з-пад завалаў 47-гадовага мужчыну, ён шпіталізаваны ў Полацкую цэнтральную гарадскую бальніцу, знаходзіцца ў цяжкім, але стабільным стане. Яшчэ да іх прыезду відавочцы выратавалі яго 83-гадовую маці, яе шпіталізавалі ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. Былі эвакуяваныя 11 жыхароў дома, у тым ліку трохгадовае дзіця, якое таксама адвезлі ў бальніцу. Ім прапануюць часовае жыллё.

Для высвятлення прычыны выбуху і яго абставінаў створана спецыяльная камісія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі