У польскай пракуратуры патлумачылі праверку ў "Белсаце"
"Белсат"
20 лістапада ў польскую тэлекампанію TVP прыйшлі супрацоўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро (ЦАБ). Яны збіралі дакументацыю ў рамках расследавання справы "Белсат", якое вядзе акруговая пракуратура ў Варшаве.
У каментары Польскаму агенцтву навінаў PAP прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба ўдакладніў, што гаворка ідзе пра "справу аб нанясенні TVP SA у перыяд са жніўня 2018 года да студзеня 2024 года маёмаснай шкоды ў вялікіх памерах на агульную суму больш як 7 млн злотых шляхам заключэння дамоваў на аказанне ІТ-паслуг і замоваў на куплю з канкрэтным прадпрымальнікам". Прадстаўнік пракуратуры заявіў, што расследаванне цалкам даручылі варшаўскаму аддзелу ЦАБ.
Кіраўнік аддзела сувязяў з грамадскасцю кампаніі TVP Томаш Вядэрэк у каментары PAP адзначыў, што Польская тэлевізія супрацоўнічае з ЦАБ і перадала ўсе неабходныя дакументы.
Пра візіт сілавікоў на "Белсат" паведаміла сёння Gazeta Wyborcza. Выданне таксама заявіла, быццам супрацоўнікі ЦАБ праводзяць следчыя дзеянні ў кватэры экс-дырэктаркі "Белсата" Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, але тая абвергла гэта ў сацсетцы X (былы Твітар).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.