У разгоне пратэстаў 2020-га браў удзел расійскі АМАП — экс-баец ССА

Максім Зязюльчык / СБУ
Максім Зязюльчык / СБУ

У разгоне мітынгаў і маршаў пратэсту ў 2020-м годзе браў удзел расійскі АМАП. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю на канале блогера Уладзіміра Золкіна экс-баец Сіл спецыяльных аперацый Беларусі (ССА) Максім Зязюльчык. Ён ваяваў ва Украіне ў складзе расійскай ПВК "Рэдут" і ў мінулым верасні трапіў у палон. Акрамя яго ўдзелу ў вайне Зязюльчыка спыталі пра падзеі 2020-га года ў Беларусі — у прыватнасці, пра тое, хто разганяў мітынгі.

"Гэта было Міністэрства абароны, гэта значыць, пераапранутыя салдаты, гэта беларускі АМАП і расійскі АМАП", — сказаў Зязюльчык. На пытанне, як расіяне трапілі ў Беларусь (Мінск жа не запытваў дапамогі ў Расіі), экс-баец ССА адказаў: "Ну як, прыехалі. Яны былі ў форме беларускага АМАПу". Зязульчык кажа, што "калі прыгледзецца да відэа жнівеньскіх падзей, яны нават па берцах адрозніваюцца". З яго слоў, расійскі АМАП быў больш жорсткім, выкарыстоўваў гранаты — светлашумавыя і газавыя — і моцна збіваў людзей. Пра гэта ж Зязюльчык расказваў у сваім першым інтэрв'ю на канале Золкіна каля года таму — тады ён толькі трапіў у палон.

"Расійскі АМАП прыязджаў збіваць нашых людзей. Пуціну трэба было ўтрымаць Беларусь як буферную зону, не дапусціць змены ўлады, умацаваць пазіцыі, і ён адправіў свой АМАП дапамагаць. Яны былі ў нашай форме", — казаў Зязюльчык год таму.

Нагадаем, у студзені гэтага года ўкраінскі суд прысудзіў 22-гадовага Зязюльчыка да 10 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб найміцтве. На вайне ён прабыў менш за два месяцы. Запісацца ў расійскае ПВК яму прапанаваў зампаліт яго беларускай часткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі