У Святланы Алексіевіч заблакавалі банкаўскі рахунак

Святлана Алексіевіч / З архіву Еўрарадыё
Святлана Алексіевіч / З архіву Еўрарадыё

Улады Германіі заблакавалі банкаўскі рахунак нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Пасля таго, як у 2020 годзе да яе дома ў Мінску прыйшлі сілавікі, пісьменніца пераехала ў Берлін. Цяпер у яе скончыўся від на жыхарства, выдадзены тады нямецкімі ўладамі. І на гэтай падставе быў заблакаваны рахунак.

"Блакіроўка рахунка Святланы Алексіевіч — не выключны выпадак, а вельмі шараговая сітуацыя, такое здараецца з вялікай колькасцю беларусаў, якім па нейкіх прычынах не паспяваюць своечасова працягнуць від на жыхарства, — каментуе Еўрарадыё сітуацыю кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. — У банку Святлане сказалі, што гэта абмежаванні, якія датычаць беларусаў і расіян — у сувязі з вайной. 

Праблема не ў тым, што такое не павінна здарацца з нобелеўскай лаўрэаткай — падыход павінен быць роўны да ўсіх, — такога не павінна здарацца ні з кім. Патрэбная змена падыходу для тых, хто вымушаны быў выехаць з Беларусі праз пераслед, але працягвае працу на карысць дэмакратыі". 

Новы ВНЖ Алексіевіч атрымае на пачатку красавіка 2023-га. У сутычцы са славутай нямецкай бюракратыяй — бюракратыя перамагла.

Святлане Алексіевіч 74 гады. Яна бадай што самая вядомая ў свеце беларуская пісьменніца. У 2015-м Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры "за шматгалосую творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час". Яна крытычна выказвалася і працягвае выказвацца пра цяперашні рэжым у РБ. У 2020-м у Беларусі Святлана Алексіевіч была ў складзе Каардынацыйнай рады, ёй пагражаў крымінальны пераслед. Летась кнігі пісьменніцы ў РБ правяралі "на наяўнасць экстрэмізму".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі