У "тэрарыстычны" спіс КДБ трапіў яшчэ адзін беларус

У "тэрарыстычны" спіс КДБ трапіў яшчэ адзін беларус

КДБ абнавіў спіс арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. У яго дадаўся яшчэ адзін беларус — Ягор Міхайлаў. 26 ліпеня 2021 года хлопца асудзілі за падпал танка.

Падставай для ўнясення яго ў "тэрарыстычны спіс" называецца тое, што набыў моц прысуд паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса ("Акт тэрарызму").

У лютым 2021-га ў ТГ-каналах з'явілася відэа, як у танк, які стаіць на грузавой платформе, ляціць "кактэйль Молатава". Дзяржаўныя СМІ назвалі відэа фэйкам, а прэс-служба Мінабароны паказала непашкоджаны танк і заявіла, што ён будзе ўдзельнічаць у вучэбным баі на палігоне. 

Аднак сілавікі пачалі крымінальную справу па артыкуле "Акт тэрарызму" і амаль праз два тыдні затрымалі 26-гадовага мінчука Ягора Міхайлава. Вылічылі яго па відэазапісе з вулічнай камеры.

На судзе хлопец заявіў, што падпаліў танк з палітычных матываў.

Суддзя Алена Бушава прысудзіла яму 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — столькі, колькі прасіў дзяржабвінаваўца.

Цяпер у спісе КДБ налічваецца 41 грамадзянін Беларусі. У іх ліку Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Раман Пратасевіч, Антон Матолька ды інш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі