У Варшаве прайшла шматтысячная акцыя ў падтрымку Леха Валенсы (фота, відэа)
У Варшаве прайшла дэманстрацыя пад лозунгам “Мы, народ”, арганізаваная Камітэтам Абароны Дэмакратыі. Удзельнікі маршу сабраліся ў суботу каля апоўдні на Нацыянальным стадыёне і рушылі на плошчу Пілсудскага. Людзі трымалі ў руках плакаты з надпісамі: “КАД злучае, а не дзеліць”, “Дэмакратыя, заКАДаваная ў нашых сэрцах”, “Ква вадзіс, Польшча?” і іншыя.
Лідар КАД Матэуш Кіёўскі на пачатку маршу зачытаў ліст ад былога прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы, якога цяперашнія ўлады вінавацяць у супрацоўніцтве са спецслужбамі ў часы “Салідарнасці”, паведамляе Gazeta Wyborcza.
“У найгоршых снах я не мог пабачыць, што праз гады змагання за свабоду, праз гады рэпрэсіяў, рэвізіянізму і арыштаў апарат дэмакратычнай дзяржавы ўдарыць па нас, пераследаваных праціўнікаў камуністычнай сістэмы”, — гаворыцца ў лісце.
Сярод удзельнікаў акцыі збіралі подпісы пад грамадзянскім законапраектам аб канстытуцыйным трыбунале.
Акцыя прайшла спакойна. Паводле гарадской паліцыі, да яе далучылася 15 тысяч чалавек. У прэс-службе варшаўскай мэрыі заявілі пра 80 тысяч удзельнікаў. Арганізатары маршу называюць іншую лічбу — 200 тысяч чалавек.