У Веткаўскім раёне выпускніка ВНУ пасялілі ў дом без ацяплення і асвятлення

У вокнах не было шкла (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com
У Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці выпускніка Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі пасялілі ў дом без ацяплення, асвятлення, без шкла ў вокнах, з трубамі, якія цяклі. Жыллё маладому спецыялісту прадаставіла прадпрыемства "Дружба", у якім яго працаўладкавалі бухгалтарам. Малады чалавек пражыў у ім месяц, пасля чаго з'ехаў да бацькоў у Ветку. З раённага цэнтра ён быў вымушаны штодня ездзіць на працу на грамадскім транспарце 37 кіламетраў.
Гэты факт згадваецца ў дакуменце Камітэта дзяржаўнага кантроля Беларусі ад 25 студзеня 2024 года за подпісам старшыні Васіля Герасімава, які апублікавалі Кіберпартызаны. Ён сведчыць пра "жахлівы дэфіцыт кадраў" у сельскай гаспадарцы. КДК паведамляе ва ўрад, што 48% спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 38% з сярэдняй спецыяльнай звальняюцца пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну (такая сітуацыя была год таму). Мяркуецца, што "замацаваць кадры" не атрымліваецца з-за таго, што наймальнікі парушаюць працоўнае заканадаўства, не ствараюць умовы для жылля і працы. А яшчэ ў маладых спецыялістаў малыя заробкі.
Улады рыхтуюць новаўвядзенні, якія павінны дапамагчы "замацаваць кадры".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.