У выніку вайны на Блізкім Усходзе загінула ўжо больш за 1100 чалавек

Ізраіль наносіць зваротны ўдар па сектары Газа

Ізраіль наносіць зваротны ўдар па сектары Газа / AFP/Getty Images

Мінулай ноччу ізраільскія вайскоўцы працягвалі наносіць удары па пазіцыях баевікоў руху ХАМАС у сектары Газа. Чакаецца, што ў найбліжэйшыя дні Ізраіль можа пачаць наземную аперацыю ў Газе, піша ВВС.

Напярэдадні ўвечары ізраільскія ўлады казалі, што з сектара Газа па тэрыторыі краіны было выпушчана 3284 ракеты (у ХАМАС кажуць, што больш за 5 тысяч). У адказ Ізраіль нанёс удары па 653 мэтам у Газе.

З раніцы суботы, калі пачалася атака баевікоў ХАМАС, у Ізраілі загінула больш за 700 чалавек, гэта дадзеныя Арміі абароны. Яшчэ 2150 чалавек атрымалі раненні. Толькі ў раёне правядзення музычнага фестывалю непадалёк ад мяжы сектара Газа былі знойдзены каля 250 целаў.

"Цана, якую заплаціць Сектар Газа, будзе вельмі высокай і зменіць рэальнасць на некалькі пакаленняў", — заявіў міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант. Гэтую заяву ён зрабіў у горадзе Афакім, дзе ёсць ахвяры, і дзе былі ўзятыя закладнікі. Яго словы прыводзіць Reuters. Прадстаўнік ізраільскай арміі падпалкоўнік Джонатан Конрыкус заявіў, што краіна прызвала каля 100 000 салдат. "Наша задача — пераканацца, што ў канцы гэтай вайны ў ХАМАСа больш не будзе ваенных магчымасцей, якімі ён мог бы пагражаць ізраільскаму грамадзянскаму насельніцтву, і ў дадатак да гэтага нам таксама неабходна пераканацца, што ХАМАС не будзе кіраваць сектарам Газа", — сказаў ён.

 Да раніцы 9 кастрычніка баі ішлі ў шасці населеных пунктах на поўдні Ізраіля, недалёка ад мяжы з сектарам Газа, заявіў прадстаўнік арміі абароны Ізраіля контр-адмірал Даніэль Хагары. У ХАМАС у сваю чаргу заявілі аб запуску ракет па міжнародным аэрапорце імя Давіда Бэн-Гурыёна, размешчанага каля Тэль-Авіва, і абстрэле Ашкелона.

Палестынскія ўлады кажуць, што ў сектары Газа ў выніку удараў у адказ загінулі 413 чалавек і 2 300 атрымалі раненні. Учора ізраільская армія нанесла ўдары па жылых кварталах, тунэлях, мячэці і дамах чыноўнікаў ХАМАСа ў Газе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі