Украінцы нібыта абстралялі расійскую вёску касетнымі боепрыпасамі
Закінуты дом ва Уразава Белгарадскай вобласці РФ / Вячаслаў Гладкоў
Белгарадскі губернатар заяўляе, што ўкраінцы абстралялі касетнымі боепрыпасамі вёску на мяжы з Расіяй. Па словах Вячаслава Гладкова, пацярпелі шэсць чалавек.
Удар нібыта прыйшоўся па прыватных жылых дамах, а таксама па сельскагаспадарчай краме ў мястэчку Уразава.
Незалежных пацверджанняў, што Узброеныя сілы Украіны ўдарылі па вёсцы касетнымі боепрыпасамі, няма. Больш за тое: на апублікаваных фота з "месца падзей" цяжка знайсці наступствы абстрэлу, і тым больш — прымянення касетных боепрыпасаў. На іх можна ўбачыць закінутыя і недабудаваныя дамы.
Зрэшты, магчыма, так звычайна і выглядае Уразава Белгарадскай вобласці.
Пра тое, што Украіна атрымала ад ЗША касетныя боепрыпасы, стала вядома ў ліпені. У Вашынгтоне настойваюць, што гэтыя боепрыпасы не павінны выкарыстоўвацца на тэрыторыі Расіі.
Раней незалежныя назіральнікі неаднаразова знаходзілі сведчанні таго, што касетныя боепрыпасы выкарыстоўвала ва Украіне Расія. Гэта пацвярджае і ААН.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.