ААН мае доказы выкарыстання расіянамі касетных боепрыпасаў ва Украіне
ААН атрымала доказы выкарыстання расійскімі войскамі касетных боепрыпасаў. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Вярхоўнага камісара арганізацыі па правах чалавека Ліз Тросэл.
"Выкарыстанне касетных боепрыпасаў у населеных пунктах праз іх шырокае дзеянне несумяшчальна з прынцыпамі міжнароднага гуманітарнага права, якія рэгулююць вядзенне баявых дзеянняў", — падкрэсліла яна.
Ліз Тросэл папярэдзіла ўлады Расіі, што "накіраваныя атакі супраць грамадзянскіх асоб і грамадзянскіх аб'ектаў... могуць быць прыроўненыя да ваенных злачынстваў".
Як нагадвае hromadske.ua, у прыватнасці касетны боепрыпас выбухнуў у Вугледарскай бальніцы. Тады загінулі 4 чалавекі, яшчэ 10 атрымалі раненні. Таксама ад касетных боепрыпасаў загінулі 9 мірных жыхароў у Харкаве, яшчэ 37 былі параненыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.