Украінку дэпартавалі з Беларусі за "антыдзяржаўную пазіцыю"

Украінскі сцяжок на беларускім сцягу

Украінскі сцяжок на беларускім сцягу / unsplash.com

У Нацыянальным аэрапорце "Мінск" сілавікі затрымалі грамадзянку Украіны, якая выйшла замуж за беларуса і мае сталы від на жыхарства ў нашай краіне. Усё скончылася тым, што яе дэпартавалі і забаранілі ўезд у Беларусь цягам пяці гадоў, піша "Зеркало".

Дзяўчына выйшла замуж за беларуса некалькі гадоў таму. Яны купілі ў растэрміноўку кватэру ў Мінску. Украінка працавала выкладчыцай англійскай мовы па дамове падраду з прыватнай установай адукацыі. Яе муж быў старшым інжынерам-праграмістам у IT-кампаніі. 

У сярэдзіне 2022 года кампанія, дзе працаваў муж, выводзіла бізнес з Беларусі і рэлакавала супрцоўнікаў у іншыя краіны. Маладая пара пераехала ў Грузію, дзе пражыла амаль год. Потым яны вырашылі ці то вярнуцца, ці то наведаць дом.

Пасля прылёту ў Беларусь дзяўчыну затрымалі разам з іншымі украінцамі і пакінулі чакаць у міліцыі. Калі яна расплакалася, на яе склалі пратакол за "дробнае хуліганства". Нібыта яна "наўмысна крычала, выказвалася нецэнзурнай лаянкай, паводзіла сябе неадэкватна, размахвала рукамі, чым парушыла грамадскі парадак і спакой грамадзян, выказваючы відавочную непавагу да грамадства".

Потым яе тэлефон праверылі і знайшлі ў сацсетках пост з выкарыстаннем сардэчак белага, чырвонага і белага колераў, а таксама сардэчак у колерах сцяга Украіны — жоўтых і сініх. Тады на украінку склалі другі пратакол за "несанкцыянаване пікетаванне".

За "хуліганства" суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызначыў дзяўчыне адміністрацыйны арышт (віну яна не прызнала). Потым ёй прысудзілі яшчэ адзін арышт  за "пікетаванне" . 

А пасля гэтага міліцыя пастанавіла дэпартаваць яе з Беларусі і забараніць уезд цягам пяці гадоў. Украінка апратэстоўвала гэтае рашэнне, у тым ліку ў судзе. Аднак прадстаўнік міліцыі ў судзе заявіў пра "антыдзяржаўную пазіцыю" дзяўчыны, а таксама паведаміў, што ў мінулыя гады яе двойчы папярэджвалі пра магчымасць высылкі. 

Суд прыняў пад увагу сведчанні міліцыянтаў а таксама факт рэлакацыі іх з мужам за мяжу з прычыны санкцый. І ў выніку  падтрымаў рашэнне міліцыі. Абскарджанне гэтага рашэння ў Гомельскім абласным судзе плёну таксама не прынесла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі