Улады Беларусі дагэтуль маўчаць пра дыверсію на аэрадроме ў Мачулішчах
Самалёт-разведчык А-50 / ЕРА
Улады Беларусі дагэтуль маўчаць пра дыверсію на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам. Прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб’яднанага пераходнага кабінета, прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў сцвярджае, што яе з дапамогай дронаў здзейснілі беларускія партызаны (удзельнікі плана "Перамога"), якія ўжо пакінулі РБ і знаходзяцца ў бяспецы.
Дыверсія ў Мачулішчах адбылася раніцай 26 лютага. Там быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50, які праводзіць радыётэхнічную разведку — адсочвае ўкраінскія радыёлакацыйныя станцыі і зенітныя ракетныя комплексы. У РФ падобных самалётаў няма і дзясятка. Кошт аднаго з іх ацэньваецца на сотні мільёнаў долараў. BYPOL сцвярджае, што ў А-50 пашкоджаны фюзеляж у насавой і цэнтральнай частках, а таксама антэна. Факт атакі беспілотнікамі пацвярджаюць некаторыя расійскія ваенкары.
Як піша "Наша ніва", сілавыя структуры адпрацоўвалі розныя версіі. Не выключалася, што акцыю правяла ўкраінская дыверсійна-разведвальная група. Таму, каб яна не змагла вярнуцца ва Украіну, была ўзмоцнена ахова паўднёвай мяжы. Вядома, што быў узмоцнены дагляд усіх, хто выязджаў у Польшчу.
Тым часам праваабаронцам стала вядома, што пачаліся затрыманні ў Мачулішчах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.