Упершыню ў Беларусі ў кіроўцы канфіскавалі маршрутку

Маршруткі / 1prof.by, ілюстрацыйнае фота
Маршруткі / 1prof.by, ілюстрацыйнае фота

Упершыню ў Беларусі ў мінскага кіроўцы канфіскавалі маршрутку за незаконную перавозку пасажыраў, піша Sputnik. Зрабілі гэта прадстаўнікі транспартнай інспекцыі.

Мікрааўтобус выконваў рэйс Быхаў — Магілёў — Мінск. Яго ўладальнік, як паведамляецца, рабіў рэгулярныя перавозкі пасажыраў пад выглядам нерэгулярных — без праваўсталёўваючых дакументаў на маршрут.

"Выяўлена, што аўтамабіль 2020 года выпуску і набыты ў лізінг. На суб'ект гаспадарання, які выкарыстаў гэтую машыну, ужо накладзена штрафных санкцый на прыстойную суму. Былі выпісаныя тры штрафы, у агульным ліку гэта 230 базавых велічынь. Штрафы дагэтуль не аплачаныя", — падзяліўся падрабязнасцямі першы намеснік начальніка транспартнай інспекцыі Мінтранса Юрый Касцюк.

Па яго словах, маршрутку спынілі ў Мінску, калі яна ехала з Магілёва. Інспектары апыталі некалькіх відавочцаў. Акрамя таго, у самой маршрутцы для праверкі ехалі работнікі транспартнай інспекцыі. Пасажыраў пасля праверкі перасадзілі ў іншы аўтобус, прадстаўлены Мінгарвыканкамам, каб яны маглі даехаць да месца прызначэння.

Мікрааўтобус будзе знаходзіцца на штрафстаянцы да рашэння суда.

Праверкамі маршрутак МУС і Мінтранс заняліся пасля трагічнай аварыі пад Смалявічамі, якая здарылася 20 лютага. Тады маршрутка сутыкнулася з МАЗам, гружаным пяском. На месцы аварыі загінулі 11 чалавек, дзевяць былі шпіталізаваныя. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі