Чыноўнікі расказалі пра вынікі маштабнай праверкі маршрутак у Беларусі
Праверка на дарозе / sb.by
Міністэрства па падатках і зборах Беларусі паведаміла пра вынікі маштабнай праверкі міжгародніх маршрутак у Беларусі. Яна праходзіла з 24 лютага да 10 сакавіка, а прычынай стала жахлівая аварыя пад Смалявічамі, у якой загінулі 12 чалавек.
У праверцы ўдзельнічалі падаткавікі, даішнікі і транспартная інспекцыя. Па выніках больш за 100 мерапрыемстваў яны выявілі 66 парушэнняў. У многіх выпадках (71%) кіроўцы парушалі парадак прыёму аплаты за праезд. Парушальнікаў чакаюць штрафы. Падкрэсліваецца, што падаткавікам паставілі задачу караць "зыходзячы з максімальнай мяжы, прадугледжанай санкцыяй артыкула" (для фізасобы — да 1110 рублёў, для ІП — да 1850, для юрасобы — да 3700 рублёў).
Міністэрства па падатках і зборах заклікае перавозчыкаў выконваць заканадаўства і абяцае "аналагічныя кантрольныя мерапрыемствы" ў будучыні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.