Штукатуру прысудзілі 3 гады калоніі за "адмаўленне генацыду беларускага народа"

Андрэй Савіцкі

Андрэй Савіцкі / фота з акаўнту ў "Аднакласніках"

У Беларусі вынесены першы прысуд за "адмаўленне генацыду беларускага народа".

Суд над 55-гадовым штукатурам з Мінскага раёна Андрэем Савіцкім пачаўся напрыканцы кастрычніка. 30 кастрычніка яму прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыму. Акрамя "адмаўлення генацыду" мужчыну прызналі вінаватым у "абразе Лукашэнкі".

Падставай для судовага пераследу сталі пасты Савіцкага ў адкрытай групе, якую ён стварыў і адміністраваў у сацсетцы "Аднакласнікі". У прыватнасці, тыя, што датычылі Хатынскай трагедыі. Як вынікае з афіцыйных крыніцаў, мужчына задаваўся пытаннем, якой была роля партызанаў у тым, што нацысты спалілі Хатынь.

Паводле звестак праваабаронцаў, Савіцкага затрымалі ў лютым і ўзялі пад варту. Затрымлівалі яго байцы САХР і ГУБАЗіК. Пасля затрымання прэс-служба МУС пісала: "У сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі".

Справу Савіцкага ў Мінскім гарадскім судзе разглядаў Яўген Пісарэвіч, які неаднаразова адзначыўся ў палітычна матываваных судовых працэсх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі