Нараджальнасць у Беларусі: рэкордны спад і яго катастрафічныя наступствы
У Беларусі моцна ўпала нараджальнасць
У 2023 годзе ў Беларусі колькасць нованароджаных зменшылася на 5,6 тысячы ў параўнанні з 2022 годам.
Нараджальнасць склала 6,96 на 1000 чалавек, што з'яўляецца самым нізкім паказчыкам за ўвесь перыяд назіранняў з 1955 года, паведамляе супольнасць медыкаў "Белыя халаты".
Гэтыя звесткі былі атрыманыя з закрытай справаздачы Міністэрства аховы здароўя за 2023 год, да якой удалося атрымаць доступ BELPOL'у. Сёлета беларускі сталі маці 69 691 раз, што на 8% менш, чым у 2022 годзе.
Чаму нараджальнасць у Беларусі зніжаецца і якія наступствы гэта можа мець для краіны? На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказала эканамістка Аліса Рыжычэнка.
Чаму не нараджаюць?
На думку эксперткі, нізкая нараджальнасць — гэта вынік палітыкі Лукашэнкі: тыя, хто ўжо падышоў да ўзросту, калі можна нараджаць, прымаюць рашэнне гэтага не рабіць.
— Нарадзіць можна колькі хочаш дзяцей, але іх трэба ўтрымліваць — гэта што тычыцца матэрыяльнага боку пытанні. Але самы галоўны фактар — гэта адсутнасць выбару ў людзей: у які садок зможа хадзіць дзіця, якую школу наведваць. Сады і школы цяпер славяцца ўзмоцненай прапагандай, адсутнасцю вольнага мыслення, індывідуальнага развіцця. І сучасная моладзь глядзіць на гэтую сітуацыю з таго боку, што нарадзіць чалавека можна, а вось нараджаць чарговага раба для Лукашэнкі ім не хочацца.
На думку суразмоўніцы, уся палітыка, якая праводзілася на працягу апошніх трох-чатырох гадоў, якая тычыцца абмежавання вальнадумства, уплывае на тое, што людзі прымаюць рашэнне не заводзіць дзяцей.
— Шмат у каго на першы план выходзяць кар'ера і імкненне да фінансавай незалежнасці. Зніжэнне нараджальнасці паказвае на тое, што Беларусь — дзяржава зусім не сацыяльная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.