У Мінскім раёне ў руках у падлетка выбухнула самаробная прылада

Школьнікі праводзілі "эксперымент" (ілюстрацыйнае фота)

Школьнікі праводзілі "эксперымент" (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

У Мінскім раёне ў руках у падлетка выбухнула самаробная прылада. 11-гадовы хлопчык атрымаў сур'ёзныя траўмы, яго шпіталізавалі.

Як паведамляе Следчы камітэт, няшчасны выпадак адбыўся 23 сакавіка ў вёсцы Багушова Хацежынскага сельсавета Мінскага раёна. Хлопчык прыехаў да дзядулі з Мазыра. Разам са сваім сябрам, які прыехаў з бацькамі з Мінска на лецішча, ён знайшоў у хляве металічную трубку і вырашыў правесці "эксперымент".

Трубку запоўнілі рыбалоўнымі грузікамі і серай ад запалак, а пасля паспрабавалі яе падпаліць. Адбыўся выбух. Другі хлопчык не пацярпеў.

Праваахоўнікі пішуць, што праводзяць праверку, высвятляюць "прычыны і ўмовы, якія прывялі да дзіцячага траўматызму". СК заклікае бацькоў тлумачыць дзецям, як правільна паводзіць сябе ў розных сітуацыях, каб пазбегнуць траўмаў і няшчасных выпадкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.