З тэатра беларускай драматургіі сышла адна з зорак трупы
Ганна Семяняка
На пачатку лістапада з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) былі звольненыя чацвёра акцёраў. У іх ліку зоркі калектыву Максім Брагінец, Зміцер Давідовіч і Арцём Курэнь, якіх раней асудзілі на суткі.
Цяпер трупу пакінула яшчэ адна з зорак тэатра — актрыса Ганна Семяняка, піша "Зеркало". Яе старонку ўжо выдалілі з сайта тэатра.
Ганна Семяняка нарадзілася ў 1991 годзе ў Стоўбцах на Міншчыне. У 2013-м скончыла Акадэмію мастацтваў і з таго часу працавала ў РТБД. Яна была занятая ў самых папулярных спектаклях тэатра — "Шлюб з ветрам", "Забалоцце", "Пачупкі" ды іншых. Таксама акторка ўдзельнічала ў незалежных праектах 2010-х гадоў, сярод іх PATRIS, "Опіум", "С училища".
Дакладная прычына звальнення акторкі невядомая. Але, як адзначае "Зеркало", пасля звальнення іншых актораў амаль усе спектаклі, дзе грала Семяняка, зніклі з рэпертуару.
Акрамя таго, Ганна — жонка звольненага акцёра Арцёма Курэня. Разам яны гралі вядучыя ролі ў шэрагу спектакляў.
Дарэчы, гэтыя звальненні сведчаць, што большую частку спектакляў, знятых з рэпертуару пасля затрыманняў актораў, аднаўляць не плануюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.