"Мы былі ў 5 хвілінах ад гібелі": відавочца пра катастрофу ў Валенсіі і дапамогу
Усходні рэгіён Валенсіі
Паводле апошніх звестак, колькасць ахвяраў паводкі ў іспанскай Валенсіі дасягнула 217 чалавек, яшчэ тысяча лічыцца зніклымі без вестак.
Улады Іспаніі адправілі тысячы паліцыянтаў і вайскоўцаў для дапамогі ў ліквідацыі наступстваў паводкі.
Еўрарадыё звязалася з жыхаром Валенсіі Віктарам, які расказаў, як рэгіён перажывае катаклізм.
"У 19:30 вада толькі-толькі пачала прыбываць, а ў 19:50 паплылі машыны"
Усё пачалося ў мінулую сераду, калі неба моцна зацягнула хмарамі, расказаў Віктар.
"Наша дзіця вучыцца ў прыватнай школе ў прыгарадзе, і ў сувязі з цыклонам, які насоўваўся, школа даслала паведамленні з просьбай забраць яго як мага раней. Яны атрымалі папярэджанне ад метэаслужбы пра хуткі ўраган, моцныя дажджы і магчымыя падтапленні. Дзесьці а палове сёмай вечара пачалі з'яўляцца першыя відэа. Мясцовыя каналы паведамлялі, што прыгарады затапляе, машыны ідуць пад ваду, і ўзровень вады падымаецца вельмі хутка. Адно з відэа, знятае мужчынам са свайго балкона, паказала, што ў 19:30 вада толькі пачала падымацца, а ў 19:50 ужо паплылі машыны".
Валенсія — трэці паводле велічыні горад Іспаніі. Ураган паваліў дрэвы, але моцнай залевы не было. Паводле Віктара, выратавала тое, што пасля паводкі 1957 года раку, якая праходзіла праз горад, вывелі вонкі. Але на жыццё ў горадзе паводка паўплывала: усё яшчэ не ходзяць трамваі і метро. Парадку 80 кіламетраў дарог, якія ішлі ў прыгарад, змытыя.
"Сам горад жыве нармальным жыццём. Але ў многіх у прыгарадах жылі сябры, знаёмыя або сям'я. Людзі, вядома, шакаваныя тым, што адбылося. Ва ўсіх ёсць разуменне, што калі б хмара зрушылася ў бок на кіламетр, горад бы таксама паплыў. Бо з такім аб'ёмам вады ніводная ліўнёўка б не справілася", — сказаў Віктар.
Ураган жа моцна закрануў менавіта прыгарады. Ад цэнтра да пацярпелых раёнаў — усяго ад 8 да 15 хвілін язды на грамадскім транспарце.
"У нас ва ўсіх тэлефоны загучалі, як сірэны, з паведамленнямі: "Неадкладна перастаньце выходзіць з дому". Гэта адбылося ў 20:15, калі ўжо стала зразумела, што адбылася сапраўдная катастрофа. У інтэрнэце з'явілася мноства паведамленняў пра тое, што машыны выносіць паток, а людзей зносіць вада. На жаль, ужо з'явіліся відэа, на якіх відаць, як па вадзе плывуць целы", — расказаў Віктар.
"Бо была куча месцаў, дзе патоп проста зносіў машыны, у тым ліку паліцэйскія", — сказаў Віктар.
Дзіўным жа для мужчыны было тое, што ў першыя суткі войска ніяк не дапамагала.
"Як на мяне мне, дык федэральная ўлада моцна налажала. Надзвычайнае становішча ў рэгіёне так і не абвясцілі, усе сілы адразу не былі мабілізаваныя, а войска прыбыла толькі на трэці дзень. Толькі пасля візіту прэм'ер-міністра Санчэса і каралеўскай пары ў пацярпелыя раёны было абвешчана, што тысячы вайскоўцаў пачнуць разгортвацца ў рэгіёне для ліквідацыі наступстваў катастрофы".
Пры гэтым валанцёраў, гатовых дапамагаць разбіраць наступствы паводкі, было вельмі шмат.
"У першы ж дзень у супермаркетах выграблі ўсю ваду, усе прадукты, якія не псуюцца, і панеслі ў пункты прыёму для пацярпелых. Ужо праз суткі было паведамленне, каб больш нічога не неслі, бо ўсяго ўжо з лішкам".
Віктар расказаў, што ў пятніцу тысячы валанцёраў накіраваліся пешшу ў пацярпелыя мястэчкі. Адны дапамагалі расчышчаць вуліцы, іншыя вызвалялі першыя паверхі дамоў, пакрытыя тоўстым пластом гліны і бруду.
На другі дзень улады ўсвядомілі, што валанцёраў занадта шмат, і звярнуліся з просьбай аб самаарганізацыі, каб цэнтралізавана даставіць людзей у патрэбныя месцы.
"Сабралася каля 15 000 чалавек. Улады адвезлі толькі пяць, 10 000 разышліся проста па дамах, бо ўлада сказала: "Усё, хлопцы, нам больш за 5000 валанцёраў не трэба". Хоць мне здаецца, што яны проста не змаглі арганізаваць такую колькасць ахвочых дапамагчы", — сказаў Віктар.
Знаёмая Віктара ездзіла дапамагаць у пацярпелы ад паводкі дом. Адтуль выцягнулі кучу бруду, якая ляжала пластом у 30-40 см.
"Яны рыдлёўкамі з першага паверха выганялі ваду. Зразумела, што ўся мэбля, якая была там, ператварылася маментальна ў смецце. Усё размакло і не падлягае аднаўленню. Увогуле яны за дзень ачысцілі два пакоі першага паверха. Іх было шасцёра. На гэтыя дамы трэба дзясяткі тысяч чалавек", — расказаў Віктар.
На гэты момант пра кампенсацыі яшчэ не згадвалі, і пад'езды да многіх дамоў пакуль не расчышчаныя. Адзінае, што бачыў Віктар, — гэта інструкцыі, як звяртацца ў страхавыя кампаніі з нагоды пашкоджаных аўтамабіляў, якіх ужо налічылі каля 20 000.
"У пятніцу нам трэба было ехаць у Малагу. Мы выязджалі трасай, якую ўжо расчысцілі, але на ўзбочынах яшчэ віднеліся груды машын — іх відавочна сцягваў трактар. На многіх участках відаць, як прайшоў паток вады, выносячы ўсё запар: кучы бруду, абломкі дрэваў, хмызнякі. Месцамі мы бачылі катафалкі там, дзе знайшлі целы загінулых. Уражанне ад паездкі было, мякка кажучы, цяжкае. Але калі вярталіся, сітуацыя ўжо выглядала лепш — ішла праца практычна без прыпынку".
"Кідалі вяроўкі ў паток і спрабавалі лавіць людзей"
Віктар расказаў, што больш за ўсё яго ўразіла ўзаемадапамога мясцовых людзей.
"Іспанцы — вельмі дружны і спагадлівы народ, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Мы бачылі на відэа, як звычайныя людзі ратавалі адно аднаго. Дзе б ні ўзнікала бяда, дапамога прыходзіла з усіх бакоў. Незнаёмцы пускалі ў свае кватэры, кідалі вяроўкі ў паток і спрабавалі вылавіць людзей. Іспанцы ўражваюць сваёй узаемадапамогай і гатоўнасцю дапамагаць, асабліва ў адрозненне ад федэральных уладаў. Я не разумею, чаму федэральнае кіраўніцтва і прэм'ер-міністр не зрабілі таго, чаго ад іх чакалі. "Навошта вы на пяты дзень сюды прыехалі? Дзе вы былі ў першы дзень?" — крычалі людзі".
Віктар таксама адзначыў, што добра спрацавалі менавіта мясцовыя ўлады.
"Я лічу, што пры такіх затапленнях вярнуць электрычнасць, прадукты харчавання і пітную ваду ў рэгіёны, куды машыны не могуць даехаць, усяго за суткі — гэта добры ўзровень арганізацыі. Усе пацярпелыя, якім патрабавалася дапамога ў шпіталях Валенсіі, былі дастаўленыя даволі аператыўна, і не ўзнікла неабходнасці разгортваць палявыя шпіталі".
Мелі месца выпадкі марадзёрства. Вядома пра сотню арыштаваных Нацыянальнай гвардыяй. Пры гэтым, як адзначыў Віктар, гэта былі менавіта тыя, хто спрабаваў "пад шумок" выцягнуць электроніку. А тых, хто забіраў ваду і прадукты з супермаркетаў, не чапалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.