Пад Гомелем прарвала дамбу — ратавальнікам давялося эвакуяваць людзей
Вада ў дачным пасёлку паднялася амаль да вокнаў / vk.com/gomel_osvod
Пад Гомелем гэтай ноччу супрацоўнікі АСВОД і МНС эвакуявалі людзей. Тут прарвала дамбу, і вада паднялася да ўзроўню вокнаў у дамах.
Званок ратавальнікам паступіў каля 4 гадзін раніцы. Тэлефанавалі з дачнага пасёлка Расінка-2. Людзі казалі, што іх дамы затапіла. Ратавальнікі АСВОД і МНС дапамаглі людзям пакінуць дамы, вывезлі і хатніх жывёл.
Праз складаную паводкавую сітуацыю, нагадаем, пакутуюць і іншыя рэгіёны ў Гомельскай вобласці. Так, у Жлобінскім раёне ўведзены рэжым павышанай гатоўнасці. На ўсялякі выпадак падрыхтаваны пункт часовага прыёму грамадзян, які зможа прыняць больш за 100 чалавек.
Падтопленыя і дамы ў самім Гомелі. Узровень вады ў Сожы станам на 9 красавіка дасягнуў 6,3 метра, піша "Народная воля" са спасылкай на Белгідрамет. Гэта толькі на 20 сантыметраў менш за паводку 2013 года. Вада падтапіла і набярэжную ў Цэнтральным раёне абласнога цэнтра. Камунальнікам давялося нават прыбраць лаўкі з набярэжнай. У адным з мікрараёнаў Гомеля праз падтапленне пашкодзіўся вадаправод. Людзям арганізавалі падвоз вады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.