Пабрацім пра Верамейчыка: “Валявы і абсалютна надзейны чалавек"
Васіль Верамейчык
Былы добраахвотнік батальёна “Волат” служыў у ВСУ разам з Васілём (Пацуком) Верамейчыкам.
Днямі В’етнам выдаў Верамейчыка ў Беларусь, дзе яму пагражае велізарны турэмны тэрмін і нават смяротнае пакаранне. На ўмовах ананімнасці яго былы пабрацім распавёў пра знаёмства з Пацуком (пазыўны Верамейчыка).
“Выступаў супраць “махноўшчыны”, за нармальны вайсковы лад”
— Пазнаёміліся мы, калі ён прыехаў на распалагу [месца размяшчэння добраахвотнікаў — Еўрарадыё]. Ён як афіцэр (Верамейчык служыў у беларускім войску) мог дзейнічаць прафесійна. Ён умеў арганізоўваць працэсы, даваць парады — у адрозненне ад тых, хто тады толькі ўпершыню даведаўся, што такое армія.
Гэта чалавек валявы, упэўнены ў сабе, з прынцыповым пачуццём справядлівасці. Абсалютна надзейны, я ніколі не сумняваўся ў ім.
Ён ніколі не адмаўляўся ад выканання цяжкіх задач, бо лічыў, што калі ўжо ваюем, дык трэба ваяваць па-сапраўднаму. Выступаў за дысцыпліну, каб у падраздзяленні не было “махноўшчыны”, каб фарміраваўся нармальны вайсковы лад.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна, Верамейчык жыў ва Украіне. Наш суразмоўнік кажа, што яго былы пабрацім сярод іншых пачуццяў адчуў яшчэ і крыўду на тое, што напад на краіну адбыўся праз тэрыторыю Беларусі. Таму і далучыўся да палка Каліноўскага.
“Ён не думаў, што цікавіць рэжым” — размова з жонкай Васіля Верамейчыка
“Калі чалавек разрывае кантракт з УСУ, ён страчвае статус супергероя”
Сузаснавальнік Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Андрэй Кушняроў раіць былым ваярам заставацца між сабой на сувязі. І паведамляць былым пабрацімам пра свае каардынаты — і свой стан.
— Калі чалавек разрывае кантракт з УСУ, ён страчвае статус супергероя. І тады ён мусіць зноў стаць бацькам, сынам, інжынерам, праграмістам.
Калі ва Украіне былога вайскоўца ўсё яшчэ ўспрымаюць героем, то за межамі Украіны гэта не працуе. У беларускім грамадстве — не працуе. Нават у апазіцыйным беларускім асяроддзі мы сутыкаемся з пытаннямі: а чаго ты туды паехаў? А навошта нам увогуле гэтая вайна?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.