Дзясяткі чалавек загінулі падчас моцнага землятрусу ў Тыбеце
Землятрус у Тыбеце
Не менш як 53 чалавекі загінулі і яшчэ 62 пацярпелі ў выніку моцнага землятрусу, які адбыўся ў аўторак у гарах кітайскага Тыбета. Такія лічбы называе Бі-Бі-Сі са спасылкай на кітайскія дзяржаўныя СМІ. Таксама паведамляецца, што больш за 1000 дамоў былі пашкоджаныя.
Землятрус магнітудай 7,1 бала здарыўся каля 9-й гадзіны раніцы паводле мясцовага часу ў горадзе Шыгадзэ — святым для Тыбета. Як сведчыць Геалагічная служба ЗША, эпіцэнтр землятрусу размяшчаўся на глыбіні каля 10 кіламетраў. У гэтым раёне былі зафіксаваныя яшчэ і серыі афтэршокаў.
Акрамя таго, штуршкі адчуваліся ў суседнім Непале ды некаторых раёнах Індыі. Землятрусы ў гэтым раёне адбываюцца нярэдка, бо ён размешчаны на буйным геалагічным разломе.
Шыгадзэ — традыцыйная рэзідэнцыя Панч-ламы. Гэта адна з асноўных фігураў тыбецкага будызму, ён па сваім уплыве саступае толькі Далай-ламе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.