У абменнік ніколі не позна. Што будзе з курсам валют у Беларусі

Што рабіць з валютай?

Што рабіць з валютай? / pixabay.com

Сваім прагнозам з нагоды курсу долара ў Беларусі ў эфіры Еўрарадыё падзялілася Аліса Рыжычэнка, экспертка ў сферы дзяржаўнага кіравання і эканомікі.

На яе погляд, да выбараў рэзкіх скачкоў курсу долара ў Беларусі сёння 3,4 рубля, а заўтра 7 рублёў — чакаць не варта. Аднак ён будзе павольна, але ўпэўнена паўзці ўверх.

Да выбараў [улады] будуць рабіць захады па валютных інтэрвенцыях, гэта значыць па падтрыманні курсу з дапамогай золатавалютных рэзерваў. Плюс курс валюты ў нас фармуецца на аснове попыту і прапановы на рынку. І якраз за 9 месяцаў у нас сфармавалася чыстая прапанова валюты на рынку. Беларусы выступілі чыстымі прадаўцамі валюты.

Фізасобы, банкі і нерэзідэнты стварылі такую прапанову валюты, якая змагла перакрыць велізарны попыт з боку юрыдычных асоб. І таму пакуль за кошт гэтага курс можа плаўна ісці ўверх без рэзкіх скачкоў, — тлумачыць свой прагноз Аліса Рыжиченко.

Дык што рабіць? Купляць валюту нават пры росце курсу ці пакінуць зберажэнні ў беларускіх рублях?

У абменнік бегчы не позна, купляць валюту трэба заўсёды, хай і невялікімі сумамі. Калі ёсць магчымасць, лепш захоўваць свае зберажэнні ў замежнай валюце, адказвае эканамістка.

Што будзе пасля "выбараў"

Так званыя "выбары" ў Беларусі могуць паўплываць на эканоміку. Але, акрамя гэтай падзеі, на курс валюты ў краіне ўплывае мноства фактараў.

Найперш гэта вайна ва Украіне і яе развіццё. Ці будзе эскалацыя. У сувязі з чым беларускія вытворчасці вымушаныя будуць нарошчваць вытворчасць і прадаваць больш на экспарт і зарабляць на гэтым.

Альбо, наадварот, пройдуць мірныя перамовы і ваенныя дзеянні спыняцца. У гэтым выпадку ў нас палова апрацоўчай прамысловасці проста стане. І скароціцца экспарт, што таксама будзе вельмі моцна негатыўна ўплываць на сітуацыю на валютным рынку, — кажа экспертка.

Другое, што нельга скідаць з рахункаў тое, што адбываецца ў Расіі.

Стагфляцыя [эканамічны спад спалучаецца з інфляцыяй. Еўрарадыё] як адзін з самых аптымістычных сцэнарыяў усё роўна сведчыць пра тое, што імпарт з Беларусі беларускіх тавараў у Расію будзе скарачацца. І гэта таксама будзе негатыўна ўплываць на замежны гандаль і фармаваць яшчэ большы дысбаланс, — працягвае Рыжычэнка.

Таксама ўплыў маюць рэгуляванне цэн у Беларусі, змены цэн на імпарт і размеркаванне грошай з дзяржбюджэту і золатавалютных рэзерваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі