Вялікая вада. Як Польшча перажыла гістарычную паводку — рэпартаж
Левін Бжэскі
У сярэдзіне верасня паўднёва-заходнія рэгіёны Польшчы ды суседнія краіны трапілі пад моцныя залевы. Цыклон “Барыс” забраў у Польшчы жыццё мінімум 10 чалавек, але колькасць ахвяраў можа быць вышэйшай.
Журналістка Еўрарадыё правяла амаль тыдзень у пацярпелых гарадах і вёсках, каб распавесці, як людзі змагаюцца з прыродным катаклізмам.
Ныса: уратаваць без жыхароў не атрымалася б
Апошні раз падобную паводку Польшча бачыла ў 1997 годзе.
“Розніца толькі ў тым, што раней не было ніякага кантролю вады, а цяпер ёсць, толькі спусцілі яе запозна”, — кажа жыхар мястэчка Ныса ў Апольскім ваяводстве.
Я прыехала ў Нысу ў нядзелю ўвечары. Што адбываецца ў горадзе, стала зразумела ўжо на ўездзе, які перакрылі пажарныя. А потым і на іншым, дзе дарога скончылася вадой. Давялося паехаць вялікай дугой у аб’езд.
Той ноччу ў цэнтры трывала эвакуацыя шпіталя, які заліло вадою з канала побач. На лодках медыкі і паліцыя вывозілі цяжарных жанчын. Наступнай раніцай стала вядома, што памёр ардынатар хірургічнага аддзялення, які вяртаўся з дзяжурства дадому, але не дайшоў.
Раніцаю стары цэнтр горада, які ў звычайныя дні цешыць вока сярэднявечнай архітэктурай, падаўся больш трывожным, чым ноччу. Па вуліцах перамяшчалася шмат службовых машын: паліцыя, пажарныя, хуткая дапамога, вайскоўцы ды іншыя, прычым з розных польскіх ваяводстваў.
У гатэлі, дзе я заночыла, больш не было вады. Дзесьці яшчэ заставалася электрычнасць. Усе крамы былі зачыненыя, акрамя прадуктовых. Людзі стаялі ў чэргах па ваду і іншыя напоі, а таксама да банкаматаў. Усе ўваходы былі заваленыя мяшкамі з пяском.
Я спытала ў беларуса Максіма, які жыве ў цэнтры Нысы, але паспеў выехаць з горада перад паводкай, як усё пачалося:
— У суботу раніцай я выходзіў гуляць з сабакам да ракі. Яна была яшчэ ў сваім рэчышчы, але карычневага колеру. Увечары ўзровень вады пачаў падымацца. Вада ўжо пакрыла сцежкі ля ракі, але яшчэ было два метры вышыні вала. На наступны дзень было апублікаванае паведамленне, што сітуацыя ўскладняецца, што жыхарам трэба быць гатовымі да эвакуацыі, што можа быць павялічаны скід вады. У гэты ж час пачалася моцная залева.
Пакуль мы пакавалі “трывожную валізку”, надвор’е рэзка змянілася, выглянула сонца. Я паглядзеў на мапе, што цыклон ад нас адыходзіць, і мы супакоіліся. Жыхары горада таксама: выйшлі на вуліцу, здымалі раку. Здавалася, што абстаноўка нармалізавалася. Гэта было раніцай, а ў 14 гадзін апублікавалі паведамленне, што павялічыўся скід вады з 600 кубічных метраў у секунду да 1000. Гэта выклікала занепакоенасць. Мы выйшлі паглядзець да ракі, што адбываецца — узровень вады рэзка павысіўся. Яна практычна перайшла праз вал і была на ўзроўні моста.
Мы вырашылі выехаць з горада. За 10 хвілін, што мы ішлі ад ракі дадому, вада ўжо была на нашай вуліцы. Па вадзе я адагнаў машыну туды, дзе яшчэ было суха. А потым мы закасалі штаны, узялі сабак на рукі і дабеглі да машыны. Так і выехалі. Праз паўгадзіны мы пабачылі фота, што вуліцу затапіла цалкам. То-бок паспелі ў апошні момант.
Пакуль мы былі ў горадзе, страху не было. Хутчэй хваляванне праз нявызначанасць. Больш пераймаўся за машыну. Калі вада паднялася і мы ўцякалі, быў выкід адрэналіну, мы ўсё рабілі аўтаматычна. Страх адчулі, калі выехалі ў бяспечнае месца і паглядзелі фотаздымкі. Тады прыйшло асэнсаванне, у якой сітуацыі мы маглі апынуцца, што маглі застацца ў кватэры без святла на доўгі час. Але мы ўсё зрабілі слушна, і добра, што былі падрыхтаваныя.
Каля 13-й гадзіны ў мястэчку прагучала сірэна.
“Такое я ўжо ў Адэсе бачыў, але ад трывог моташна “, — кажа ўкраінец, які жыве тут з траўня. — “Мяне турбуе, калі на працу можна выйсці”.
Мужчыну я сустрэла каля сярэднявечнай вежы, ля якой мясцовыя назіралі за вадой у горадзе. Туды ж пад'язджалі машыны, якія прывозілі людзей з раёнаў, дзе вада не адыходзіла.
“Па сцягно”, — паказвае мужчына.
У гатэлі яшчэ была электрычнасць. Я пайшла зарадзіць тэлефон, а ў дадатак атрымала порцыю гарачага булёну. Гаспадыня гатэля жартавала, што атрымала алерт [папярэджанне — Еўрарадыё] не кантактаваць з вадою, а адразу пасля яго — рэкламу ад аператара Play: “Акуніся ў свет кніг”. Ужо праз паўгадзіны жанчына не смяялася, а хутка зачыняла гатэль, бо бурмістр абвясціў эвакуацыю.
Каля той жа вежы сабраліся абураныя мясцовыя: “Што, усе 40 тысяч эвакуяваць? Чаму я не ведаў пра гэта? Перадача інфармацыі — трагічная. Дзве гадзіны таму казалі, што трошкі размыта, а праз паўтары — эвакуацыя. Мелі сем дзён, калі чэхі папярэдзілі, але яны нічога не спускалі. Я згубіў гараж і агарод, буду складаць пазоў. А дзе вада?”
Вада па-трошку адыходзіла з цэнтра, але горад напаўняўся трывогай. Мост стаў галоўным месцам, дзе збіраліся людзі, каб ацаніць сітуацыю на ўласныя вочы.
Карычневая вада рухалася з такой хуткасцю, што ад гэтага кружылася галава.
“Я жыву тут у цэнтры, на трэцім паверсе. У мяне не працуе ні тэлефон, ні інтэрнэт, ні тэлевізар, таму я сюды прыходжу. Яшчэ ўчора чытала пра эвакуацыю, але цяпер пра яе не пішуць”, — кажа сталая жанчына.
“Мая ацэнка — нуль. Некалькі дзён ездзяць хуткія, пажарныя, а цяпер людзі самі эвакуююцца на іншы бок ракі. Усё хаатычна, няма арганізацыі. Не ведаю, што прынясе сённяшняя ноч. Тады, у 1997 годзе, ніхто не ведаў, што прыйдзе хваля. Цяпер ведалі, але ніхто не думаў, што валы прарвуцца”, — расказвае пані Аня.
“Нікому не сказалі, навошта ўключылі сірэны. Ай, як заўжды. Пажарныя прыехалі на лодцы, заглядалі ў дамы, пыталі пра дапамогу. Але ў большасці выпадкаў трэба разлічваць на ўласныя сілы. Тры месяцы было 30+ градусаў, тут каля ракі раслі водарасці. Цяпер глядзіце, што сталася за тыдзень”, — жаліцца пан на ровары.
“Гэта прырода. Я перажыў 97-ы, і што будзе, тое будзе. Чалавек ваду не затрымае”, — разважае Марцін, ахоўнік з гатэля ля самай ракі.
“Найбольш мне баліць, што я перажываю гэта другі раз, і нічога не змянілася. Нешта новае будавалі, але што з таго”, — казалі іншыя жыхары горада каля моста.
Параўнанні з папярэдняй паводкай я пачую яшчэ вельмі шмат разоў. Нехта, як Марцін, скажа, што тую перажылі, і гэтую таксама. Іншыя — што цяпер сітуацыя здаецца больш трагічнай.
Па горадзе на скутары ездзіў мясцовы блогер Мілард, які вядзе старонку PortalNysa на Фэйсбуку. Ён адрапартаваў:
— Час — 15.01, паводле афіцыяльнай інфармацыі басейны возера Атмухоўскага запоўненыя на 95%. 1080 кубічных метраў у секунду ўплывае ў гэтае возера, а выплывае — 800. Няшмат бракуе, каб возера пералілося. Потым гэта ідзе на басейны Ныскі, якія напоўненыя на 59%, ёсць запас. Уплывае столькі ж, колькі выплывае. Але паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя. Вады робіцца больш.
Я шмат езджу па горадзе. Шмат службаў з усёй Польшчы, два масты заблакаваныя для аўтамабіляў, але пешшу можна прайсці. Я ведаю, што жыхары эвакуююцца. Людзі недаінфармаваныя, некаторыя не могуць скарыстацца інтэрнэтам. Палова, можа, ведае, што робіцца, а іншыя лічаць, што ўсё будзе ў парадку.
Вечарам каля моста пачалі збірацца мужчыны. Яны самастойна пераносяць мяшкі з пяском, якія ім падвозяць вайскоўцы. Хтосьці пачуў заклік дапамагчы па радыё ад вядоўцы вечаровай праграмы, нехта прачытаў у сябра на Фэйсбуку, што патрэбныя рукі.
Праз гадзіну каля моста ўжо сабраліся сотні жыхароў. Найбольш актыўнымі, хто спрабаваў арганізаваць натоўп, былі спартоўцы і фанаты валейбольнага клуба “Сталь Ныса”. Прыехаў таксама бурмістр. З іншага боку стаялі вайскоўцы.
Пад святлом ліхтароў пажарных машын і поўні жыхары Нысы расцягнуліся ў ланцугу на 700 метраў, каб перадаваць мяшкі ад моста да падмосткаў вала.
Я не заўважыла, як сама схавала тэлефон і сярод мужчын перадавала мяхі ў ланцугу. Спачатку было здзіўленне: “Жанчына?” “А як інакш?” — адказваю я.
Большае здзіўленне было пазней, калі высветлілася, што ўдзельнічае не толькі жанчына, а яшчэ і беларуска, ды яшчэ з Варшавы.
З часам жанчын станавілася болей, і гэта ўжо не выклікала здзіўлення.
На пачатку ланцуга стаяла Івона, жанчына сярэдняга ўзросту. Яна падсвятляла вялікую яму, каб ніхто, хто перадае мяшкі, у яе не ўпаў.
— Лепш быць тут, чым сядзець дома. Я перажыла гэта ў 97-м, таму цяпер нічога не адчуваю. Тады было менш трагічна, бо хваля пайшла адзін раз. Цяпер жа ваду нібы кантралююць і спускаюць некалькі разоў.
Пасля поўначы пайшла інфармацыя, што вада паднялася, але трэба ўжо ісці з вала. Рэштай працы зоймуцца войска і верталёты.
Раніцай я пабачыла паведамленні: сітуацыя ў Нысе пад кантролем. “Дзякуючы начной акцыі жыхароў і службаў атрымалася “заляпіць” прарыў у вале”. “Вал каля плаціны бяспечны, працы завершаныя. Жыхароў, якія хацелі дапамагчы, інфармуем, што ў гэтым ужо няма патрэбы”.
Ахоўнік гатэля, паглядаючы праз акно на тую ж карычневую раку, але цяпер залітую святлом яснага сонца, уздыхнуў і сказаў: “А колькі рыбы будзе. У 97-м мы збіралі з берагоў шчупакоў і судакоў”. Мужчына тут з пятніцы, і, магчыма, ужо хутка ў яго атрымаецца трапіць дадому.
“Без людзей гэтага б не атрымалася, пажарныя не змаглі б самі. Кажуць, было 2000 чалавек. А гэта не адзінае месца, дзе трывала акцыя”, — сказаў мінак, які прыехаў раніцай да моста.
Гэтай ноччу абышлося без пацярпелых. Калі якая хваля і захапіла Нысу, дык гэта хваля салідарнасці яе жыхароў.
Лёндэк-Здруй: вада цячэ, як ад ліха
У санаторным мястэчку яшчэ доўга будзе не да адпачынку. Мясцовы амфітэатр ператварыўся ў пункт дапамогі. Тут можна ўзяць прадукты харчавання і зарадзіць тэлефон.
Унізе — зруйнаваныя масты. Але ў цэнтр яшчэ можна даехаць па некаторых дарогах.
“Вельмі бракуе валанцёраў”, — кажа жанчына, якая прыбірае дом свайго таты каля самай ракі.
У бядзе суседзі сталі бліжэйшымі. Сястра жыхаркі дома непадалёк завезла для ўсіх з Германіі рэчы першай неабходнасці. Усе разам прыбіралі першыя паверхі дамоў. Яе суседка расказвае:
— Ведалі, што будуць паводкі, але не ведалі, што дамбу прарве. Пасля таго патопу я ўжо траўмаваная. Цяпер я тры ночы не сплю, бо ён увесь час мне згадваецца.
Цяпер ідзе гэты “Барыс”. І вось што маем. Але ў гэтым няма нічога дзіўнага. Было горача, вельмі горача. Прырода робіць сваю справу. Але вада цячэ, як ад ліха.
Строне Слёнске: шмат гадоў спатрэбіцца, каб усё адбудаваць
“Калі я прыехала сюды, то не пазнала горад. Гэта ж вядомыя Строне Слёнске”, — сказала жанчына, якая прывезла дапамогу. Яе мястэчка падтапіла не моцна, а Строне — да непазнавальнасці.
Курортны гарадок выглядаў так, быццам праз яго некалькі разоў прайшоў фронт, толькі нападнікам была вада.
Пра былую інфраструктуру нагадвалі разбураныя будынкі бібліятэкі, рэстаранаў, крамаў. Цяпер харчаванне — толькі на былых паркоўках. Валанцёры раздавалі прадукты першай неабходнасці ды на месцы гатавалі суп. Каб зайсці ў цэнтр горада, трэба прайсці па зруйнаваным мосце.
Па дарозе дадому з бутэлькамі і ежай у руках ішла пажылая пара:
— Шмат гадоў спатрэбіцца, каб усё адбудаваць. Інфраструктура настолькі знішчаная. Спадзяемся, што каналізацыя хутка вернецца, бо гэта найважнейшае. Дождж нам ужо нічога не зробіць. Цяпер важна, каб былі санітарныя ўмовы, каб святло і вада вярнуліся. А як не, то будуць нас эвакуяваць, іначай пачнецца эпідэмія.
Мне шкада бурмістра, бо ён аблажаўся. Яны ведалі загадзя больш, чым жыхары. Ведалі, што будзе такая хваля і такія дажджы, і нічога не зрабілі, нават простага мяшка з пяском не прывезлі.
Гэты год найгоршы, які быў, у сэнсе надвор’я. Ніхто нас не папярэдзіў. Трагедыя. Людзі кажуць, што можна было ўратаваць плаціну. Што цікава, яна была адноўленая пасля 1997, таму ніхто не баяўся, што яна прарвецца.
Дзяржава мусіць нам дапамагчы. Бо што мы маем? Металургічны завод закрылі. Тут няма ніякай працы, толькі агратурызм. Застануцца толькі пенсіянеры. Я ўжо страціў працу, яе знішчыла вада. Цяпер мне трэба даехаць у суседні горад, каб паведаміць, каб нейкія грошы мець на жыццё. Колькі злотых у мяне адкладзена, але не надоўга. Грошы трэба ўжо ўкладаць у аднаўленне дома.
На фоне гэтай размовы і іншых пастаянна шумела хуткая рака.
Ідзікаў: было так шумна, гэта немагчыма апісаць
Жыхары суседняй вёскі, якая знаходзіцца на ўзвышшы, у роспачы, маўляў, журналісты прыязджаюць толькі туды, дзе нешта адбываецца. Тут, у вёсцы, шмат дамоў таксама пацярпела, але разлічваць даводзіцца збольшага на суседзяў. Вада ішла два дні.
Мясцовая жыхарка разам з сям’ёй апошнім часам ночыла ў школе на ўзвышшы. Іх дом стаяў пасярод патоку вады. З гаражу выплылі бетонныя панэлі.
Наступствы відавочныя на полі, а ў дом вада прасачылася з долу. Калі прыехалі службы сацыяльнай апекі, то прызначылі ім толькі 2000 злотых на рамонт, бо дома было ўжо суха, нягледзячы на пах і глей.
— Мы ўсе выходныя змагаліся, выносілі, што маглі, каб не пацярпела. Цудам не вырвала вокны. А тут толькі дзве тысячы.
Вось што кажа яе муж Баляслаў.
— Калі б людзі не аб’ядналіся, была б трагедыя. У нас тут няма войска. У суседніх вёсках людзі пешшу з заплечнікамі праз лес ідуць па ежу. Гэта трагедыя. Мае дзеці глядзяць, перажываюць і дапамагаюць як могуць. Адміністрацыя не мае часу ні на што.
Мужчына прызнаўся: адзінае, у чым ёсць патрэба, — гэта падтрымка.
— Не трэба наяўных, толькі будаўнічыя матэрыялы. Але пра гэта ў нас не пытаюць, а толькі пра даходы. А я б пачаў рамантаваць зараз жа. Пакуль суседзі дапамагаюць выносіць мэблю, якую яшчэ можна ўратаваць, але куды — зямля таксама вільготная.
Баляслаў дадаў, што іх сусед прасядзеў у стайні з варотамі па горла ў вадзе гэтыя дні.
— А колькі памерла. Па тэлебачанні сказалі, што сямёра памерла, але іх нашмат больш.
Іншая пані, якая жыве яшчэ вышэй на гары, паказала, што на яе зямлі вада была па грудзі.
— Было так шумна ў суботу, гэта немагчыма апісаць. Калі я глядзела на свой лужок, то ўсё плыло. А некаторым па кавалку вада забірала дамы. Гэта быў момант, хваля прыйшла за 20 хвілін. Калі прыехалі пажарныя са Шчэціна і пабачылі гэтую раку, то спужаліся і паехалі на Строне, а там ужо дамбу прарвала. Яны прыехалі з рыдлёўкамі, не ведалі, што гэта такое.
Левін Бжэскі: у любым выпадку трэба дапамагаць
Вада прыйшла ў Левін Бжэскі, што ў гадзіне язды ад Вроцлава, у аўторак ноччу.
У сераду яна троху адышла, але ўвесь дзень доўжылася эвакуацыя жыхароў з цэнтра мястэчка. Паліцыя, войска, пажарныя перапраўлялі мясцовых на лодках, экскаватарах і іншых вялікіх машынах. А туды завозілі ежу, ваду і лекі.
Малады хлопец Пётр, які жыве ў доме каля пункта эвакуацыі, сітуацыю апісвае так:
— Войска ёсць, на гэтым спынімся, а калі сур'ёзна, то мы разумеем, што цяпер “сітуацыя стыхійнага бедства”. У любым выпадку трэба дапамагаць, і добра, што дапамога ёсць.
Пасля гэтага ён паказаў мне два ідэнтычныя відэа, з той розніцай, што адно было зробленае ў 1997, а другое — сёння раніцай. На ім вайскоўцы на “амфібіі” едуць па вадзе каля аранжавага будынка.
— Я разумею, што яны доўга не хацелі пускаць ваду ў Ныскім возеры, бо панеслі б фінансавыя страты. Але таксама цяпер кожны лічыць сябе метэаролагам. Добра, што тут плоска, таму не будзе такіх стратаў, як у Стронях Слёнскіх.
Самае страшнае, што адбываецца з мясцовымі, — гэта адсутнасць сувязі. Калі ваду і ежу падвозяць рэгулярна, то паўэрбанкаў сапраўды не хапае. Людзі, асабліва тыя, хто аточаны патопам, не ведаюць нічога, што адбываецца звонку.
Вроцлаў: за 30 гадоў мы зрабілі высновы
Прагнозы па сталіцы Ніжняй Сілезіі змяняліся штодзённа. У аўторак мой калега, які толькі туды прыехаў, сказаў, што хваля чакаецца ў пятніцу. Горад здаецца падрыхтаваным: свеціць сонца, мінакі размаўляюць пра сваё, а не пра магчымую трагедыю.
Тут уночы на чацвер вада ў Одры паднялася да 600 сантыметраў — гэта яшчэ бяспечны ўзровень. Дзеці ішлі ў школу:
— А паводка? — пытаюся я.
— Нам казалі ісці, — адказваюць дзеці.
Жанчына каля вакзала мела хутчэй пазітыўныя спадзевы:
— За 30 гадоў мы зрабілі высновы.
Мая сям'я жыве на тэрыторыі, якую падтапляе, але мы падрыхтаваныя. Людзі там будавалі дамы без падвалаў, крыху на вышыні. Каб іх заліло, павінна вельмі вялікая хваля пайсці.
Глядзіце, нават тут, каля вакзала, людзі паставілі мяхі, хаця да вады яшчэ далёка.
Яшчэ раней я размаўляла з беларусам з Вроцлава Сяргеем, які казаў, што немагчыма ўпэўнена казаць пра “заўтра”:
— Пакуль што людзі рыхтуюцца: закупляюць пітную ваду, не хуткапсавальныя прадукты і сродкі гігіены, абкладаюць мяшкамі з пяском уваходы ў гаражы і іншае, што лічаць патрэбным захаваць.
Арганізаваная выдача пустых мяшкоў з магчымасцю набраць пясок, але без падвозу: відаць, тэхніка ўжо і так задзейнічаная на больш важных напрамках. У паветры лунае дух салідарнасці, такі любімы беларусамі. Арганізаваныя прыёмы ў розныя валанцёрскія арганізацыі: як для дапамогі ва ўжо пацярпелых месцах, так і для дапамогі ў прадухіленні наступстваў у Вроцлаве.
Паніка датычыцца таго, што ў крамах пачынае заканчвацца вада і газ у балонах ды, як заўсёды, туалетная папера.
Беларусы пішуць у чаце Вроцлава: мы перажылі кавід, Беларусь і польскую бюракратыю, як-небудзь і паводку перажывём.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.