Крама ў ЗША прадае дыскі з “Дзікім паляваннем караля Стаха”. Ці законна гэта?
Кадр з фільма "Дзікае паляванне караля Стаха"
Амерыканская анлайн-крама The Deaf Crocodile, якая спецыялізуецца на продажы калекцыйных выданняў малавядомых і страчаных фільмаў з усяго свету, пачала прадаваць Blu-ray дыскі з фільмам “Дзікае паляванне караля Стаха”, на што звярнула ўвагу выданне “Наша Ніва”.
“Беларусьфільм”, уладальнік правоў на “Дзікае паляванне караля Стаха”, раней сапраўды вёў перамовы з амерыканскімі кампаніямі аб продажы правоў, сцвярджаюць крыніцы Еўрарадыё. Верагодна гэтым і можна патлумачыць з’яўленне копіі фільма ў амерыканскай краме. І хутчэй за ўсё гаворка пра легальны рэліз.
На сайце магазіна таксама напісана, што The Deaf Crocodile адрэстаўравала і прадае фільм праз пагадненне са студыяй “Беларусьфільм”.
Калі праглядзець асартымент крамы, можна заўважыць, што кампанія прадае і іншыя праекты з постсавецкай прасторы: з Польшчы, Расіі, былой Чэхаславакіі і іншых краін.
Тут ёсць стужкі “Руслан і Людміла” 1972 года Аляксандра Птушко, “Горад зеро” 1988 года Карэна Шахназарава, “Кін-дза-дза” 1986 года Георгія Данэліі і г.д.
Бачна, што геаграфія і дамоўленасці ў бізнесменаў-кінаманаў даволі шырокія.
Амерыканцы прапануюць набыць фільм у трох варыянтах. Першы — гэта проста дыск з адрэстаўраваным фільмам і бонуснымі відэакаментарыямі ад гісторыкаў кіно і аўтараў коміксаў. Другі — лімітаваная дэлюкс-версія, у якую ўваходзяць дыск і кніга з эсэ пра фільм. І трэці — раскошны падарункавы набор, дзе, акрамя дэлюкс-версіі, таксама ёсць паштоўкі, налепкі і манета, прысвечаныя фільму.
Самая простая версія каштуе 24,95 долараў, самая дарагая — 75 долараў.
Уладальнікі крамы таксама адрэстаўравалі фільм, як яны пішуць, “з арыгінальных элементаў у пашыранай 126-хвіліннай рэжысёрскай версіі”. Сцвярджаецца, што гэта першы рэліз фільма ў Злучаных Штатах.
Цікава, што паралельна з перамовамі амерыканцаў з “Беларусьфільмам” наконт пакупкі правоў на “Дзікае паляванне” у 2023 годзе, дзяржстудыя таксама ажыццявіла рэстаўрацыю гука і відэа стужкі. Яе цяпер без праблем можна паглядзець анлайн у высокай якасці.
"Дзікае паляванне караля Cтаха" — культавая містычная аповесць Уладзіміра Караткевіча, якую ў 1979 годзе на экранах экранізаваў рэжысёр Валерый Рубінчык на студыі “Беларусьфільм”. Стужка выклікала ажыятаж і стала адным з самых папулярных фільмаў таго перыяду.
Аднак самому Уладзіміру Караткевічу экранізацыя не спадабалася: ён палічыў, што рэжысёр не перадаў галоўную думку закладзенага ім сюжэту пра лёс беларусаў.
Пры гэтым стужка была добра прынятая экспертным асяродкам — яе аўтары атрымалі ўзнагароды на кінафестывалях у Канадзе, Францыі, Італіі, ЗША, Бельгіі.
Сярод экспертаў “Дзікае паляванне” лічыцца рэдкім прыкладам гатычнага хорару ў савецкім кіно.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.