Каша з сякеры. Якім атрымаўся “Чорны замак” паводле Караткевіча, зняты расіянамі
Кадр з фільма "Чорны замак"
Сёння ў Мінску распачнецца юбілейны, 30-ы, кінафестываль “Лістапад”. Фільмам, што адкрые падзею, стане прыгодніцкая стужка “Чорны замак” — свежая экранізацыя апошняга рамана “Чорны замак Альшанскі” майстра гістарычнага дэтэктыву Уладзіміра Караткевіча. Шырокі паказ стужкі ў Беларусі запланаваны на 12 снежня.
Еўрарадыё дзякуючы сваім крыніцам ужо паглядзела пашыраную 140-хвілінную версію фільма, якую паказалі дзяржпрэсе 12 верасня, і цяпер расказвае, чаму “Чорны замак” аказаўся, хай і з шэрагам заўваг, прыстойнай экранізацыяй прозы важнага для беларускай літаратуры пісьменніка.
***
Ці магчыма зняць блакбастар у краіне, дзе чацвёрты год ідуць рэпрэсіі, творчыя кадры з’ехалі за мяжу, а тыя, хто застаўся, жорстка фільтруюцца ідэолагамі паводле прынцыпу лаяльнасці да ўлады? Пытанне нібыта рытарычнае, але ў яго ёсць невідавочны адказ: так, можна.
Сапраўды, зварыць кашу з сякеры не такая складаная справа, калі ў вас у партнёрах сусед з імперскімі амбіцыямі і развітай, заліванай нафтавымі субсідыямі кінавытворчасцю.
“А вынік у вашым выпадку — гэта кінастужка, якая з'яўляецца хітом або блакбастарам”, — так у сакавіку 2021 года вучыў кіраўніцтва “Беларусьфільма” прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка. За тры дзесяцігоддзі існавання рэжыму такіх “разнарадак на хіты” было шмат: ад “Анастасіі Слуцкай” у сярэдзіне нулявых да “Часу вяртацца” сярэдзіны 2020-х. Ці глядзелі вы іх? Хутчэй за ўсё не. Штучны поспех гэтых праектаў грымеў толькі ў паралельнай рэальнасці, якая транслявалася перадавіцамі дзяржаўных СМІ.
Таму спачатку “Чорны замак” — другая экранізацыя твора Караткевіча пасля амаль сцёртага з грамадскай памяці тэлефільма 1984 года — выглядаў як абавязковае рытуальнае кіно на замову Мінкульта, ды яшчэ напярэдадні ідэалагічнага свята — стагоддзя беларускага кіно. Плюс творчы складнік амаль увесь расійскі, ад кастынгу да здымачнай каманды.
Карацей, шыкоўная нагода чарговым разам ціхенька распілаваць дзяржбабло — але выйшла нечакана інакш.
Камандзе маскоўскага пастаноўшчыка Кірыла Кузіна, адказнага за сарцірную камедзіклабаўскую камедыю “Найлепшы фільм”, удалося зняць добрае і непалітызаванае прыгодніцкае кіно пра пошукі скарбаў, таямніцы продкаў і тэорыі змоваў. Нашмат больш бадзёрую, чым павольнейшая і схематычная версія Міхаіла Пташука.
Зрэшты, сцэнарыст і прадзюсар праекта Глеб Шпрыгаў таксама заўважна перапісаў першакрыніцу.
Так, у рамане падзеі адбываюцца на тэрыторыі Беларусі паралельна ў трох часавых адрэзках: у нашыя дні, у перыяд Новага часу (Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую тут наўпрост не згадваюць, але фігуруе кароль Жыгімонт, кажа пра Люблінскую унію) і эпізадычна падчас Другой сусветнай вайны.
Рашэнне адмовіцца ад савецкага часу, дзе разгортваліся падзеі кнігі, не сапсавала гісторыю, якая, наадварот, стала больш свежай і дынамічнай. У ёй галоўны герой Антон Косміч у выкананні акцёра Яўгена Шварца ператварыўся ў нахабнага лавеласа, таленавітага гісторыка і палеографа, саўладальніка крамы антыкварных рэчаў.
Малады хлопец становіцца аб’ектам маніпуляцый з боку сучасных нашчадкаў Альшанскіх — старажытнага княскага роду, які падчас паўстання супраць караля здрадзіў сваім хаўруснікам і забраў сабе іх грошы, якія за стагоддзі так ніхто і не змог знайсці. Адшукаць іх можна толькі разгадаўшы шыфр, схаваны ў трох кнігах Слуцкага Евангелля XVI стагоддзя.
Сам Косміч, здатны вырашыць загадку, перыядычна страчвае прытомнасць, назіраючы ва ўласных снах гісторыю свайго магчымага продка — князя Валюжыніча, які ўратаваў сваю каханую княгіню Гардзіславу з палону вераломнага здрадніка Вітаўта Альшанскага.
“Чорны замак” спалучае ў сабе фактычна два фільмы — прыгодніцкі дэтэктыў з гістарычным каларытам, які нагадвае дылогію "Скарб нацыі" з Нікаласам Кейджам і экранізацыі раманаў Дэна Браўна з Томам Хэнксам, і касцюмны трылер пра беларускае сярэднявечча.
Гэты складаны сімбіёз атрымаўся цэльным, з улікам перанасычанасці сюжэту персанажамі і сцэнарнымі хадамі. Бліжэй да фіналу гісторыя становіцца цалкам фэнтэзійнай — гэта выбіваецца з пераважна прыземленага тону стужкі, але не псуе агульнага ўражання. Нягледзячы на прадказальнасць інтрыгі, сачыць за развіццём падзей у дзвюх часавых лініях усё роўна цікава.
Гэтаму спрыяе не толькі акуратна выбудаваная драматургія, але і добры кастынг, асабліва на ролі злодзеяў, якіх тут граюць з усім адмоўным шармам і абаяльнасцю Яўген Стычкін і Віталь Кішчанка. Добра выглядае і Віктар Вяржбіцкі з наклеенай барадой, граючы хітрага суддзю і пасланіка караля Станкевіча.
З беларускіх акцёраў тут на першым плане можна заўважыць толькі мадэль і актрысу Анастасію Гардзіеўскую, якая даволі сціпла і безэмацыйна грае Гардзіславу — каханне Валюжыніча і Альшанскага.
Акцёры Аляксандр Абрамовіч (Валюжыніч-старэйшы), Руслан Чарнецкі (князь Слуцкі), Віталь Лойка (кароль Жыгімонт) фігуруюць толькі ў яркіх эпізодах.
Беларуская мова ў фільме таксама аказалася эпізадычнай. Яна гучыць падчас чытання сярэднявечных крыніц, у сцэнах бяседы княскай дружыны і падчас сустрэчы з чорнымі капачамі, якія на прыродзе спяваюць “Мой родны кут” Ігара Лучанка на знакаміты верш Якуба Коласа.
Пры такім культурным недахопе сам вобраз Беларусі на экране вельмі прывабны — як месца старажытных замкаў, фантастычных таямніц і гістарычных трагедый, куды хочацца прыехаць і ўбачыць усё на ўласныя вочы.
Плюсам стала рашэнне здымаць кіно не толькі ў беларусьфільмаўскіх павільёнах, але і на натуры. На экране можна пабачыць не толькі цэнтр Мінска, Нацыянальную бібліятэку, але і азёры летняй Браслаўшчыны, знятыя з квадракоптара, замкі і касцёлы Міра, Полацка, Глыбокага, Гродна і іншых гарадоў і вёсак краіны.
Выглядае ўсё годна і аўтэнтычна, нягледзячы на неідэальна зробленыя ў пэўных момантах візуальныя эфекты.
Але пералічаючы ўсе добрыя бакі стужкі, не варта забываць, што перад намі пераважна расійскі праект, зняты замежнымі аўтарамі паводле прозы Караткевіча, у беларускіх дэкарацыях і на магутнасцях “Беларусьфільма” за пераважна беларускія грошы.
Выключна рэсурсная база, творчы ўнёсак незаўважны.
І ў гэтым сумным кантэксце “Чорны замак”, з дапамогай якога Мінкульт святкуе юбілей айчыннага кіно, рыфмуецца з “Лясной быллю” Юрыя Тарыча — першым савецкім фільмам, знятым у БССР. Яго таксама здымалі ў Прылуках і Мінску ў 1926 годзе, пад кантролем расійскіх кінематаграфістаў.
Як відаць, амаль за сто гадоў сітуацыя карэнным чынам не змянілася — без “вялікага брата” беларуская ўлада не можа даць сабе рады ў кінавытворчасці. Тут варта было б перагледзець сваю палітыку і прыярытэты, але рэфлексія — дакладна не моцны бок сённяшняга рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.