Машыну, у якой былі зніклыя ў Літве амерыканцы, знайшлі патанулай у балоце

Пошукі амерыканскіх вайскоўцаў у Літве

Пошукі амерыканскіх вайскоўцаў у Літве / Мінабароны Літвы

Выратавальная аперацыя па пошуку зніклых чатырох амерыканскіх вайскоўцаў у Літве працягвалася ўсю ноч. Машыну, у якой былі амерыканцы, выявілі патанулай у балоце, недалёка ад палігона ў Пабрадзе. Гэта гусенічная эвакуацыйная машына M88 "Hercules".

У эфіры Радыё LRT Мміністр абароны Літвы Давіле Шакалене сказала пра пэўныя пазітыўныя прыкметы па даставанні тэхнікі: "Людзі працавалі ўсю ноч, і ёсць пэўныя пазітыўныя сігналы, якія даюць надзею, што больш хуткі сцэнар можа быць рэальны дзякуючы магчымасці здабывання тэхнікі. Усю ноч адпампоўвалі ваду, праводзіліся дадатковыя мерапрыемствы, каб цяжкая тэхніка магла наблізіцца. Будзем назіраць за далейшым развіццём падзей".

Шакалене заявіла, што няма гарантыі, што вайскоўцы знаходзяцца ўнутры машыны — разглядаюцца і іншыя варыянты. Пра гібель вайскоўцаў напярэдадні паведаміў генсакратар NATO, аднак афіцыйна Мінабароны Літвы не пацвярджае гэтыя звесткі.

"З боку сістэмы абароны была выразная пазіцыя — у нас абсалютна няма ніякіх доказаў гібелі вайскоўцаў, не выяўленыя целы, няма гарантыі, што яны знаходзяцца ў машыне, і на гэты момант праверыць гэта немагчыма", — падкрэсліла Шакалене.

У аперацыі ўдзельнічаюць вайскоўцы Літвы і ЗША, а такссама прадстаўнікі розных дзяржаўных структур і прыватных кампаній.

Як паведамлялася раней, амерыканскія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў вучэннях каля мяжы з Беларуссю, зніклі ў аўторак днём.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.