На перамовах ЗША і РФ абмяркоўвалі ўкраінскія АЭС і лініі размежавання

Дональд Трамп

Дональд Трамп / Reuters

На перамовах паміж Штатамі і Расіяй у Эр-Рыядзе абмяркошваецца тэрытарыяльнае пытанне і магчымыя лініі размежавання ў зоне ўкраінска-расійскіх баў. Пра гэта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп расказаў журналістам па выніках сустрэчы з кабінетам міністраў, піша Reuters.

Таксама на перамовах абмяркоўваецца лёс украінскіх атамных электрастанцый. "Цяпер мы гаворым пра тэрыторыю. Мы гаворым пра лініі размежавання, гаворым пра энергетыку, валоданне электрастанцыямі. Некаторыя кажуць, што электрастанцыя павінна належаць Злучаным Штатам... Бо ў нас ёсць досвед", — перадае інфармагенцтва словы амерыканскага прэзідэнта. Хутчэй за ўсё гаворка найперш ідзе пра Запарожскую АЭС, якая цяпер знаходзіцца пад расійскім кантролем.

Таксама Трамп расказаў, што ЗША вядуць перамовы з Украінай пра тое, каб амерыканскія кампаніі маглі валодаць украінскімі АЭС.

Амерыканскі прэзідэнт выказаў надзею, што пагадненне аб рэдказямельных металах паміж Штатамі і Украінай будзе падпісанае "найбліжэйшым часам". Ён спаслаўся на словы міністра фінансаў ЗША Скота Бесэнта, што пагадненне амаль заключанае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.