Дырэктар "МотаВелаЗавода" назваў кошт свайго "электрамотаровара"
Электраровар ад мінскага прадпрыемства
Дырэктар "МотаВелаЗавода" Сяргей Манько назваў кошт свайго "электрамотаровара" — 2800 рублёў (раней галоўнай тэмай была "лакалізацыя" матацыкла "Мінск"). Доследны ўзор яшчэ праходзіць выпрабаванні, піша minsknews.by.
Пра электрычны ровар на матацыклетных колах Манько гаварыў яшчэ вясной. Сцвярджалася, што ідэю "падгледзелі" ў кітайскіх вытворцаў, але "распрацоўка беларуская" — мясцовыя спецыялісты "цалкам спраектавалі" ровар, зрабілі сваю раму.
Электраровар мае здымны акумулятара (мяркуецца, што зараду хопіць на 30 кіламетраў), можа развіваць хуткасць да 25 к/г. Дырэктар падкрэсліў, што для выкарыстання ровара не патрэбныя правы кіроўцы.
Раней Сяргей Манько анансаваў, што ў выпадку паспяховых выпрабаванняў ровар пачнуць прадаваць у наступным годзе.
Сёлета Сяргей Манько паабяцаў дасягнуць узроўню лакалізацыі вытворчасці на прадпрыемстве "не менш за 50 адсоткаў" у 2029 годзе. Усё пачалося з візіту на прадпрыемства ў жніўні 2022-га Аляксандра Лукашэнкі. Ён абурыўся, што з беларускага ў матацыкле "Мінск" толькі шыльдачка, усё астатняе — кітайскае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.