У Гродзенскай вобласці аштрафавалі амаль 200 кіроўцаў маршрутак
Некаторыя кіроўцы маршрутак трапіліся на перавышэнні хуткасці / vk.com/grodnogai
Па выніках рэйду ў Гродзенскай вобласці аштрафавалі амаль 200 кіроўцаў маршрутак і службовых асоб, якія адказваюць за перавозку пасажыраў. Пра гэта расказалі ва УДАІ Гродзенскага аблвыканкама.
З 27 лютага па 13 сакавіка супрацоўнікі ДАІ ладзілі на тэрыторыі вобласці "комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на кантроль за перавозкай пасажыраў". Асаблівую ўвагу надавалі маршрутным таксі.
"За названы перыяд да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 193 кіроўцы аўтобусаў і адказных службовых асоб арганізацый, якія ажыццяўляюць перавозку пасажыраў", — расказалі ў ДАІ Гродна.
19 кіроўцаў перавозілі пасажыраў, якія ехалі стоячы, хоць колькасць пасажыраў у мікрааўтобусе не павінная перавышаць колькасць месцаў для сядзення. Сем кіроўцаў пакаралі за перавышэнне хуткасці. Былі пытанні і да тэхнічнага ўтрымання машын. Найбольш распаўсюджаныя няспраўнасці — гэта светлавыя прыборы, якія не працуюць, і адсутнасць тэхагляду.
Нагадаем, 20 лютага ў Смалявіцкім раёне адбылося ДТЗ з удзелам маршрутнага таксі. Загінулі 13 чалавек. Пасля гэтага ў Мінтрансе заявілі, што маюць намер узмацніць кантроль за маршруткамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.