У Валожынскім раёне ў аварыю трапіла маршрутка, 6 пацярпелых
На месцы аварыі ў Валожынскім раёне
У Валожынскім раёне ў аварыю трапіла маршрутка. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем і з'ехаў у кювет. Там мікрааўтобус перакуліўся. Спачатку паведамлялі, што пацярпелі 8 чалавек. З рознымі траўмамі іх завезлі ў бальніцу. Мінаховы здароўя ўдакладняе, што пацярпелых шэсць: адна жанчына накіравана ў БХМД Мінска з траўмай сярэдняй ступені цяжкасці, дзве пасажыркі з ударамі і траўмамі грудной клеткі — у Мінскую абласную клінічную бальніцу, двое мужчын і адна жанчына з ударамі, траўмамі, пераломамі — у Стаўбцоўскую ЦРБ.
Як паведамляе ДАІ Мінскай вобласці, здарэнне адбылося ў панядзелак каля 9-й гадзіны на 27-м кіламетры аўтадарогі "Пяршаі — Івянец — Нясвіж". Маршруткай кіраваў 66-гадовы мужчына. Адзначаецца, што на задняй восі маршруткі былі ўстаноўлены шыны "з зносам пратэктара вышэй дапушчальнага".
У панядзелак складаныя ўмовы надвор'я з-за снегу і моцнага ветру.
Напярэдадні аварыя з удзелам маршруткі і аўтобуса была ў Магілёве. Пацярпеў падлетак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.