Як выбраць навагоднюю елку і не нашкодзіць прыродзе: парады эколагаў

Хутка Новы год!

Хутка Новы год! / pixabay.com

У Беларусі 16 снежня пачнуць працаваць ёлачныя кірмашы. "Экадом" падрыхтаваў рэкамендацыі для беларусаў па выбары елкі: жывая, штучная або з падручных матэрыялаў. Які з гэтых варыянтаў самы экалагічны?

Еўрарадыё пераказвае галоўнае і жадае вам шчаслівага Раства і Новага года.

Самая экалагічная елка для вашага дома

Самы экалагічны варыянт елкі — гэта той, які не робіць шкоды вам і навакольнаму асяроддзю. Напрыклад, елка з падручных матэрыялаў. 

Гэта могуць быць вашы фотаздымкі з успамінамі або кампазіцыя са знойдзеных у лесе сасновых і яловых галінак. 

У выглядзе елкі можна скласці кнігі, сухія галінкі, усталяваць драбінкі або штатыў ад фотаапарата.

— Самым экалагічным варыянтам будуць не звыклыя для нас штучныя або жывыя елкі, а тыя, што з'явіліся дзякуючы выкарыстанню хатняга дэкору з дадаткам святочных элементаў. Так выкарыстоўваюцца тыя рэсурсы, якія ў вас ужо ёсць, – расказвае кансультантка па экапрыязным ладзе жыцця.

Как выбрать новогоднюю ёлку и не навредить природе: советы экологов
Ёлка сваімі рукамі? Чаму б і не! / Euroradio

Жывая елка vs штучная елка

— На здзіўленне многіх, будзе больш правільна звярнуць увагу на натуральную елку. Але тут давядзецца выканаць некалькі ўмоў: месца пакупкі, узрост дрэва і магчымасць правільнай утылізацыі, — тлумачыць кансультантка "Экадома".

Узрост елкі не павінен перавышаць 3-4 гады, а набываць іх трэба толькі ў спецыяльных месцах: у лясніцтвах, на арганізаваных ёлачных кірмашах і ў крамах, але пры наяўнасці адпаведных дакументаў.

Не варта самому прыносіць ялінку з лесу ці парку. За такія дзеянні можна атрымаць штраф да 30 базавых велічынь.

Але ёсць і легальны шлях. Можна звярнуцца ў найбліжэйшае лясніцтва і атрымаць неабходныя дакументы. Затым у суправаджэнні супрацоўніка лясгаса прайсці ў строга прызначанае месца і ўжо там ссекчы запаветную елку.

Самы папулярны і даступны спосаб набыць пахкую жывую елку — кірмашы.

Але і за імі патрэбны пільны догляд.

— Плюс да экалагічнасці выбару жывой елкі дадасць яе правільная ўтылізацыя, калі пасля навагодніх святаў вы знойдзеце магчымасць даставіць яе на спецыялізаваную кантэйнерную пляцоўку, дзе ў рамках гарадской праграмы збору елак дрэва адправіцца на перапрацоўку ў дранку. А тая, у сваю чаргу, будзе выкарыстаная для гаспадарчых мэтаў, — кажа кансультантка. — Толькі ў такім выпадку варыянт з жывой елкай можна назваць адносна экалагічным.

Што тычыцца штучных елак, то з імі таксама неадназначна:

— Памятайце, што такая пластыкавая прадукцыя другаснай перапрацоўцы не падлягае. Таму падлічана, што штучная елка будзе экалагічная ў выпадку, калі вы выкарыстоўваеце яе больш за 20 гадоў, — тлумачыць кансультантка. — Пры выбары звярніце ўвагу на вонкавы выгляд елкі і адсутнасць таксічнага паху, адслаення фарбы, увагнутасцяў, дэфектаў пластыку. Калі выявілі іх, лепш адмоўцеся ад пакупкі, бо такі пластык можа зрабіць шкоду не толькі навакольнаму асяроддзю, але і вашаму здароўю.

Как выбрать новогоднюю ёлку и не навредить природе: советы экологов
Што можа параўнацца з водарам натуральнай ёлкі? / pixabay.com

Жывая елка за горадам

Можна проста аздобіць елку, якая расце недалёка ад месца святкавання, толькі ўважліва выбірайце ўпрыгажэнні: яны не павінны ўтрымліваць мікрапластык.

Букет з галінак замест цэлай елкі

На тэрыторыі ёлачных кірмашоў іх заўсёды дастаткова. Вы можаце іх узяць/купіць у прадаўцоў і тым самым даць апалым і абламаным галінкам другі шанец пажыць даўжэй.

Как выбрать новогоднюю ёлку и не навредить природе: советы экологов
Галоўнае — гэта навагодні настрой / pixabay.com

Як і летась, у Мінску вывазам сабраных у насельніцтва елак будуць займацца дзве кампаніі. У "РЭМОНДЗІС Мінск" — каля тысячы кропак, куды можна прывезці навагодняе дрэва. Гэта месцы збору, вызначаныя адміністрацыяй Маскоўскага, Кастрычніцкага і Фрунзенскага раёнаў сталіцы. 

У астатніх шасці раёнах такія паслугі аказвае "Спецкамунаўтатранс".

У "РЭМОНДЗІС Мінск" ёсць уласная вытворчая пляцоўка, на якой елкі ператвараюцца ў кампост: на выхадзе з адной тоны дрэваў атрымліваецца каля 500-600 кілаграмаў карыснага арганічнага ўгнаення. 

"Спецкамунаўтатранс" павязе сабраныя елкі на сваю смеццесартавальную вытворчасць, дзе іх спаляць у кацельні для абагравання завода.

У Мінскім раёне вывазам елак займаецца дзяржаўнае прадпрыемства "ЭкаСпецТранс".

— Практыка паказала, што людзі адмаўляюцца ад жывых елак і набываюць штучныя. Бо на кантэйнерных пляцоўках пасля святаў жывых вельмі мала. У нас заключаныя дагаворы з "РЭМОНДЗІС Мінск" і "Экалогіяй горада". Калі збіраецца дастатковая для адной транспартнай адзінкі колькасць жывых елак, менавіта зялёных, а не падсушаных, то мы іх і вязём у гэтыя арганізацыі. Але, як правіла, пасля святаў елак у адпаведным стане — адзінкі. У асноўным іх выносяць позна і ўжо досыць сухімі. У такім выпадку яны ўтылізуюцца на палігоне, — тлумачылі прадстаўнікі арганізацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі