Чаму ў Беларусі не будзе доўгіх навагодніх вакацый? Тлумачыць эканамістка
Што будзе з навагоднімі святамі ў Беларусі?
Эканамістка Аліса Рыжычэнка ў эфіры Еўрарадыё расказала, што ад росту заробкаў беларусы не робяцца багацейшымі, а іх пакупніцкая здольнасць, наадварот, зніжаецца. Акрамя гэтага, экспертка паразважала і на тэму доўгіх навагодніх канікул.
— Нядаўна Галоўчанка выступаў з развагамі і казаў, ці варта падладжвацца пад Расію, дзе будуць доўгія [навагоднія] вакацыі.
З аднаго боку, гэта дапаможа знізіць выдаткі, напрыклад, за кошт змяншэння тратаў на заробкі і скарачэння энергаспажывання. Але ёсць і праінфляцыйныя рызыкі.
Перад Новым годам традыцыйна ўзрастае пакупніцкая актыўнасць, расце курс долара, што прыводзіць да дэфіцыту. Гэта змушае нарошчваць імпарт, праз што цэны таксама ідуць уверх. Да таго ж у снежні многія атрымліваюць павышаныя заробкі.
На думку эксперткі, калі цяпер адправіць людзей у адпачынак за свой кошт і скараціць ім колькасць працоўных гадзін, то па выніку студзеня яны атрымаюць такія нізкія заробкі, што проста перад самымі выбарамі гэта можа справакаваць незадаволенасць сярод насельніцтва.
— Таму ўлады цяпер на раздарожжы і не ведаюць, што рабіць: адправіўшы людзей у доўгія вакацыі, можна скараціць выдаткі і прадаць складскія запасы, аднак яшчэ больш справакаваць спажывецкую актыўнасць. І ў выніку перад выбарамі мы можам убачыць вартую жалю сітуацыю, калі заробкі знізяцца, а інфляцыя вырасце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.