"Арэшнік" у Беларусі — наколькі гэта рэальна?
Дзе будзе размяшчацца гэтая махіна і ці мае яна сэнс?
На паседжанні Савета бяспекі 12 снежня Лукашэнка даў даручэнне "забяспечыць размяшчэнне на нашай тэрыторыі "Арэшніка" і пісьменна спланаваць яго выкарыстанне".
Але ні ён, ні прапаганда, якая абслугоўвае гэтую дакучлівую ідэю, не тлумачаць, наколькі гэта мэтазгодна — размясціць у Беларусі грунтавы ракетны комплекс з балістычнай ракетай сярэдняй далёкасці, і ці рэальна гэта наогул?
BELPOL разабраўся ў пытанні. Еўрарадыё пераказвае галоўнае.
“Арэшнік” у Беларусі пагражае суседзям?
Прапаганда трубіць, што так, але насамрэч — не. "Арэшнік" — ракета сярэдняй далёкасці з радыусам дзеяння ад 1000 да 5500 км. Ударыць у аб'екты, якія знаходзяцца на адлегласці менш за 500 км ад пускавога комплексу, не атрымаецца. Гэта мёртвая зона для зброі.
На схеме, якую паказалі ў эфіры дзяржТБ, ракетны комплекс размясцілі ў Брэсце. Нават калі адцягнуць яго да самага крайняга пункта на мяжы з Украінай, да Вільні будзе 500 км.
А што, калі ўдараць па “Арэшніку”?
Прапаганда замоўчвае, што "Арэшнік" сам можа стаць лёгкай мішэнню. І асабліва калі яго ўсё ж размесцяць у Брэсце.
"Выраб, кошт толькі адной ракеты якога паводле ацэнак розных экспертаў можа складаць ад 50 да 80 мільёнаў долараў, размясцілі ля мяжы Беларусі і Польшчы. Пры такім размяшчэнні комплекс можа стаць лёгкай мішэнню нават для звычайных артылерыйскіх сістэм калібра 155 мм.
Напрыклад, для польскай самаходнай артылерыйскай устаноўкі "Краб", максімальная далёкасць стрэлу якой складае 40 км. Пры гэтым кошт аднаго стрэлу 155 мм гаўбіцы знаходзіцца ўсяго толькі ў межах ад 3 да 4 тысяч еўра. А для вываду з ладу пускавой устаноўкі можа быць дастаткова і аднаго аскепка, калі ён трапіць у цела кантэйнера з ракетай", — піша BELPOL.
Акрамя гэтага, тэрыторыя Беларусі даступная для дронаў з тэрыторыі як Украіны, так і краін NATO.
"Схаваць размяшчэнне і перамяшчэнне доўгай колавай каракаціцы пад назвай "Арэшнік" на тэрыторыі Беларусі немагчыма. Гэта будзе першая і добрая цэль для сродкаў паражэння", — зазначае BELPOL.
“Арэшніку” няма месца
Нават калі заплюшчыць вочы на тое, што размяшчаць ракетны комплекс на нашай тэрыторыі нелагічна і бессэнсоўна, — яго папросту няма дзе паставіць.
Словы Лукашэнкі "ў нас ад размяшчэння стратэгічных ядзерных ракет пляцоўкі я захаваў", мякка кажучы, выклікаюць сумневы.
Гэтыя аб'екты, як і базы захоўвання ўзбраення і тэхнікі, у закінутым стане, а іх аднаўленне выцягне з дзяржбюджэту велізарныя сумы.
Інфарматары BELPOL наведалі некалькі былых стратэгічных аб'ектаў і пацвярджаюць, што яны ў паўразбураным стане і ніякіх работ там не вядзецца.
То-бок няма дзе паставіць ракетны комплекс, няма дзе захоўваць ракеты і ядзерныя боегалоўкі, якімі могуць быць узмоцненыя ракеты і якія, як сцвярджае Лукашэнка, у Беларусь ужо завезлі.
Да таго ж, вяртаючыся да папярэдніх тэзісаў, "Арэшнік" трэба будзе абараняць ад атак. У Беларусі няма інфраструктуры для расійскай вайсковай часткі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. Няма грошай на стварэнне новых падраздзяленняў або частак СПА.
"Калі "Іскандэры" неяк яшчэ можна было размясціць на тэрыторыі і ў боксах ракетнай часткі ў Асіповічах, то з "Арэшнікам" такога не можа здарыцца. Для яго неабходнае абавязкова дарагое і надзейнае сховішча. Або сховішча хаця б такое, якое дазволіць схаваць месца яго размяшчэння", — сцвярджае BELPOL.
Праект наогул можа абламацца
Беларуская прапаганда пастаянна гаворыць пра "Арэшнік" як здзейсненае, у той час як нават Пуцін падкрэсліваў, што балістычная ракета была эксперыментальнай. Яна не выйшла ў прамысловую вытворчасць, і не ўсе выпрабаванні былі ўдалымі. Таму яшчэ невядома, будзе Расія ўкладвацца ў дапрацоўку гэтай зброі і паўторныя выпрабаванні ці пахавае праект.
І тое, і тое ставяць пад сумнеў словы Лукашэнкі, што ракетны комплекс будзе пастаўлены ў Беларусь найпазней у пачатку 2026 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.