Як напісаць план на год і дабівацца пастаўленых мэтаў? Парады псіхолага
Псіхолаг і спецыялістка па метадзе КПТ Лілія Хедзіна
З набліжэннем Новага года многія задумваюцца пра тое, як пражылі папярэднія 12 месяцаў і што можна змяніць у будучыні. Гэта час, калі лёгка адчуць як натхненне, так і расчараванне. Каб атрымліваць ад жыцця задавальненне, быць больш актыўнымі і паспяховымі, псіхолагі раяць складаць планы на год і рабіць гэта нават тады, калі незразумела, што будзе заўтра.
Навошта займацца планаваннем і як правільна гэта рабіць, чытачам Еўрарадыё расказвае псіхолаг і спецыялістка па метадзе КПТ Лілія Хедзіна.
Навошта наогул планаваць?
У наш турбулентны час можа падацца, што будаваць планы бессэнсоўна: жыццё непрадказальнае, і падзеі могуць абрынуцца нечакана. Аднак менавіта наяўнасць плана дазваляе нам заставацца псіхалагічна ўстойлівымі і адчуваць, што ў нас ёсць пэўны ўзровень валодання сітуацыяй.
Калі наперадзе ветлым маяком свецяць мэты і арыенціры, мы лягчэй адаптуемся да абставін, бо разумеем, да чаго рухаемся тут і цяпер. Калі ўсё зменіцца, мы зменім план дзеянняў і перагледзім мэты, але важна зрабіць сваё жыццё нават у перыяд пераменаў і крызісаў асэнсаваным.
Тут хочацца ўспомніць карцінку пра кветкі, што завірусілася ў 2021-м, а таксама працытаваць Віктара Франкля, які пісаў пра жыццё і выжыванне людзей у канцлагеры:
“Першымі зламаліся тыя, хто верыў, што ўсё хутка скончыцца. Потым — тыя, хто не верыў, што гэта калісьці скончыцца. Выжылі тыя, хто сфакусаваўся на сваіх справах, без чаканняў таго, што яшчэ можа здарыцца" (В. Франкль, "Сказаць жыццю "Так!": псіхолаг у канцлагеры").
Чаго лепш пазбягаць?
Ідэалізаваных чаканняў. Не будуйце планаў зыходзячы з таго, як "мусіць быць". Арыентуйцеся на рэальнасць і свае магчымасці.
Перагружанасці або расфокусу. Калі спіс мэтаў занадта вялікі, вы рызыкуеце страціць матывацыю. Сканцэнтруйцеся на адной найбліжэйшай мэце ў кожнай са сфер.
Самакрытыкі за няўдачы. Планы — гэта арыенцір, а не строгі прысуд. Нават калі не ўсё атрымалася, важна адзначыць свае намаганні.
Вынік
Планаванне — гэта акт клопату пра сябе. Ствараючы "дарожную карту", вы даяце сабе шанец пражыць год сугучна сваім каштоўнасцям, свядома, з пачуццём напрамку і ўнутранай гармоніі. І памятайце: самае важнае — не ідэальны план, а вашыя маленькія крокі да вялікіх зменаў.
З Новым годам і ўдачы на вашай дарозе!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.