Увага! Аферыстка дурыць мінчан, збіраючы грошы на хворую дзяўчынку (відэа)

Увага! Аферыстка дурыць мінчан, збіраючы грошы на хворую дзяўчынку (відэа)

Махляры з партрэтамі дзяцей працягваюць свой амаральны промысел ля мінскіх гіпермаркетаў. Яны ледзь не за руку вылоўліваюць даверлівых мінакоў і жаласлівым голасам просяць грошай на аперацыю малым дзецям. І многія даюць. Як толькі чалавек пачынае вагацца (даваць ці не даваць), жанчына з партрэтам дзіцяці дастае “дакументы”, “дыягназы” і іншыя паперы.

За некалькі гадзін аферыстка можа назбіраць каля сто рублёў.

У другой палове лістапада толькі журналіста Еўрарадыё падкаравулілі так двойчы — ля гіпермаркетаў “Карона” і ля “Прастор”. Дзейнічала адна і тая ж махлярка з партрэтам Лізаветы Дашкевіч. Дзяўчынка з фота сапраўды існуе. Яна жыве ў Калінкавічах. Малой пяць гадоў, у яе сапраўды праблемы са зрокам.

“У яе ўжо чацвёртая аперацыя. Калі ласка, дапамажыце маленькай пляменніцы. Ад нас усе адвярнуліся, сказалі, што ўсё толькі за грошы”, — аферыстка жаласліва пазірае ў вочы.

Запісваем “дабрадзейку” на відэа і тэлефануем па нумары, пазначаным на плакаце. Нумар прадказальна адключаны, хутчэй за ўсё, ён таксама фэйкавы. Таму звязваемся з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Калінкавіцкага райвыканкама. Няўжо сям’я сапраўды такім чынам збірае грошы?

“Спецыялісты правяралі Дашкевічаў у чэрвені. У іх чацвёра дзяцей, пражываюць у сацыяльнай кватэры. Вялікага дабрабыту ў іх няма, але ў кватэры ўсё сціпла, добра, — здзіўляюцца тэлефанаванню ад Еўрарадыё ва ўпраўленні. — Па матэрыяльную дапамогу звяртаюцца рэдка, у апошні раз — перад навучальным годам. Малодшая дачка сапраўды стаіць на ўліку, ёй прызначаная пенсія па інваліднасці, тата здзяйсняе дагляд за дзіцём”.

Сацработнікі тут жа правяраюць сям’ю Дашкевічаў. Але рэпутацыя сям’і пасля іх візіту не пагоршылася.

Салігорскі суд аштрафаваў знакамітую махлярку, якая стаіць з партрэтамі хворых дзяцей

Увага! Аферыстка дурыць мінчан, збіраючы грошы на хворую дзяўчынку (відэа)

“Гэта ў галаве не ўкладваецца! Як да іх у рукі маглі трапіць дакументы! Тым больш, што пасведчання аб нараджэнні ў мяне няма з сакавіка, выпадкова памыла яго з курткай дачкі”, — абураецца Любоў Дашкевіч, мама маленькай Лізы.

Жанчына спрабуе прыгадаць, ці не давала яна каму-небудзь дакументы, якія тычацца Лізы, і як да махляроў мог трапіць яе фотаздымак.

“Я сябравала з жанчынай з суседняга дома. Яна сама наша, але жыве з цыганам. Дык вось яна ведала дыягназ Лізы. Дакументы ляжалі ў сценцы. А мы так сябравалі, што я нават прасіла, каб яна пабыла, калі мне трэба некуды адлучыцца, разумееце? Таксама не было праблем, каб сфатаграфаваць дачку на мабільнік. Праўда, мы ўжо даўно не сябруем”, — кажа Любоў.

У малой Лізы насамрэч не катаракта, як сцвярджала махлярка, а іншы цяжкі дыягназ. Дзяўчынка ніколі ў жыцці не бачыла. У Беларусі ёй пагаджаюцца рабіць аперацыю толькі з 16 гадоў. То бок чакаць трэба доўга. А ў адной з расійскіх клінік Дашкевічам абяцаюць, што Ліза пасля аперацыі зможа часткова бачыць. Толькі грошай на гэта ў сям’і няма. У дабрачынныя фонды Дашкевічы пакуль не звярталіся.

Увага! Аферыстка дурыць мінчан, збіраючы грошы на хворую дзяўчынку (відэа)

Затое хутка абярнуліся аферысты. Вырашылі на маленькай Лізе зарабіць. Пры гэтым выглядае на тое, што праваахоўныя органы не чыняць ім перашкодаў.

Дашкевічы збіраюцца перадаць мінскія відэазапісы з махляркай у міліцыю і прасіць, каб аферыстаў пакаралі паводле закона.

Прадстаўнікі ГУУС Мінгарвыканкама раней заяўлялі, што ім складана прыцягваць грамадзян з партрэтамі дзяцей нават да адміністрацыйнай адказнасці. Тое, што ў махляроў падробленыя дакументы, міліцыю таксама не схіляе да рашучых дзеянняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі