Ва Ушачах развіталіся з Рыгорам Барадуліным (фота)
Народнага паэта Беларусі пахавалі побач з маці 4 сакавіка.
Спачатку труну прывезлі да дома па вуліцы Школьнай. Туды сям’я Барадуліных пераехала ў 1939 годзе, і паэт часта любіў прыязджаць туды. Адбыўся жалобны мітынг, на якім выступілі прадстаўнікі грамадскасці, уладаў, землякі паэта. На развітанне з дзядзькам Рыгорам сабралася каля тысячы чалавек.
Пасля гэтага жалобная працэсія накіравалася на могілкі. Там адбылася імша, якую ўзначаліў грэка-каталіцкі архімандрыт Сяргей Гаек. Пасля развітальных слоў паэта пахавалі побач з магілай маці, якую ён вельмі любіў і каля магілы якой захацеў быць пахаваным.
Нагадаем, што Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка на 80-м годзе жыцця. У Мінску на развітанне з Народным паэтам прыйшлі сотні людзей.