Валерый Цапкала пераехаў з Масквы ў Кіеў

Валерый Цапкала ў студыі Еўрарадыё / фота Марыі Вайтовіч
Валерый Цапкала ў студыі Еўрарадыё / фота Марыі Вайтовіч

Экс-прэтэндэнт у прэзідэнты Беларусі Валерый Цапкала пакінуў Маскву і зараз знаходзіцца ў Кіеве. Пра гэта піша "Інтэрфакс-Захад" са спасылкай на прэс-сакратара палітыка Аляксея Урбана. Інфармацыю пацвярджаюць і ўкраінскія партнёры Еўрарадыё — "Грамадскае тэлебачанне": сёння палітык дасць інтэрв'ю тэлеканалу.

Пра тое, што Валерый Цапкала разам з двума сынамі пакінуў Беларусь, стала вядома 24 ліпеня. Прычынай, па словах палітыка, стаў яго магчымы арышт, пра які папярэдзілі сябры ў МУС і КДБ. У Беларусі засталася жонка Валерыя — Вераніка. Яна прадстаўляе інтарэсы Цапкалы ў аб'яднаным штабе кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і выступае на мітынгах з вельмі эмацыйнымі прамовамі, у якіх распавядае пра сваю сям'ю.

У Маскве Цапкала даў вялікае інтэрв'ю тэлеканалу "Дождж", у якім заклікаў расійскія ўлады не дапамагаць Лукашэнку:

"Я проста вельмі прашу і расійскае кіраўніцтва: не дапамагайце. Не дапамагайце, проста таму, што вы не дапамагаеце беларускаму народу".

14 ліпеня Валерый Цапкала не быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты нібыта з-за недахопу подпісаў, бо ЦВК палічыў частку подпісаў за яго вылучэнне несапраўднымі. Скаргу Цапкалы за адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Вярхоўны суд адхіліў.

У дадзены момант праводзіцца праверка ў дачыненні да Валерыя Цапкалы на датычнасць яго да супрацьпраўнай дзейнасці. Грамадзянскі іск супраць экс-кіраўніка ПВТ падаў турэцкі бізнесмен Седат Ігдеджы. Цапкала абвінавачваецца ў хабарніцтве і нядобрасумленных адносінах з кампаніямі турэцкага інвестара.

Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 9 жніўня.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі