Васьковіч: У планах ― аднавіцца на працы і паступіць у замежны ўніверсітэт

Яўгену Васьковічу 25 гадоў. Яго асудзілі ў траўні 2011-га на 7 гадоў калоніі строгага рэжыму за кінутую ў будынак бабруйскага КДБ бутэльку з запальнай сумессю. Адбываў пакаранне ў турме ў Магілёве. Увечары 22 жніўня ён выйшаў на волю разам з 5 іншымі беларускімі палітвязнямі, якія былі памілаваныя Аляксандрам Лукашэнкам.

Еўрарадыё: Як Вы сябе адчуваеце першыя дні на волі? Якія планы?

Яўген Васьковіч: Першыя дні на волі вельмі актыўныя, і я ўвогуле мала спаў… Мяне сустрэлі, было вельмі прыемна. Прыехаў, а тут натоўп людзей: і родныя, і паплечнікі… Бліжэйшыя мае планы ― аднавіцца на працы ў “Бабруйскім кур'еры”. Што тычыцца вучобы, я пакуль не вызначыўся, але магу сказаць дакладна, што гэта будзе не ў Беларусі: ці віленскі ЕГУ, ці яшчэ які-небудзь універсітэт. Хачу атрымліваць адукацыю ў журналістыцы.

Еўрарадыё: Перад прыгаворам Вы былі сябрам аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, пасля прысуду некаторыя СМІ называлі Вас анархістам, бо Вы праходзілі па так званай “справе анархістаў”. Вы самі заяўлялі, што лічыце сабе не анархістам, а нацыяналістам. Ці змяніліся нешта ў Вашых грамадска-палітычных поглядах?

Яўген Васьковіч: Ні ў якім разе нічога не змянілася! Я з’яўляўся чалавекам нацыянальных прынцыпаў і застаюся ім верны. Таксама я застаюся верным “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, а меў справу з анархістамі толькі таму, што ў тыя часы немагчыма было рабіць нешта падобнае з людзьмі апазіцыйных колаў, бо яны заўсёды больш прытрымліваюцца негвалтоўнага супраціву.

Еўрарадыё: Вас часта скіроўвалі ў ШІЗА (штрафны ізалятар). Колькі часу там правялі? Якія былі падставы Вас туды скіроўваць?

Яўген Васьковіч: На турэмным рэжыме я правёў у ШІЗА каля 8 месяцаў, у калоніі быў не вельмі шмат часу ― недзе каля месяца. Афіцыйныя падставы, каб туды змяшчаць, часцей за ўсё гучалі так: невыкананне каманды “Пад’ём!” ці “Адбой!”, невыкананне патрабаванняў па вопратцы… За ўсё гэта можна трапіць у ШІЗА.

Еўрарадыё: Сакамернікі ўспрымалі Вас як палітычнага вязня?

Яўген Васьковіч: Так, да мяне ставіліся менавіта як да палічнага асуджанага. Разглядаўся нават не мой артыкул (палітычны ён ці не), а маё, як там кажуць, “рамяство”, то бок тое, чым я займаюся, а гэта для іх менавіта палітыка. Стаўленне да гэтага было даволі добрае, бо асуджаныя ў нейкім сэнсе самі з’яўляюцца барацьбітамі з рэжымам. Ім усё адно, якая будзе ўлада, бо яны заўсёды будуць супраць…

Еўрарадыё: Такая пэўная філасофія анархізму?

Яўген Васьковіч: Так! Але калі анархісты жадаюць здзейсніць свае мары ў больш гуманным выразе, то крымінальнаму свету абсалютна ўсё адно ― яны прызвычаіліся браць тое, што ім патрэбна.

Еўрарадыё: Вы вышлі ў той момант, калі наша краіна перажывае “пяты сезон выбараў”. Як асабіста ставіцеся да гэтага працэсу?

Яўген Васьковіч: Я лічу, што ў выбарах увогуле няма аніякага сэнсу. Я вельмі падтрымліваю палітыку БХД у тым, што яны не бяруць удзел. Я вельмі падтрымліваў ідэю былога кандыдата Статкевіча. Маўляў, якія могуць быць выбары і чым яны могуць скончыцца.

Еўрарадыё: Часам, не збіраецеся пісаць кнігу?

Яўген Васьковіч: Калі яшчэ сядзеў, то спрабаваў сістэматызаваць свае дзённікі, але ніколі не атрымлівалася. Я больш вёў запісы нейкіх цікавых рэчаў, практычных парад ― гэтага шмат. Гэтым я бавіў свой час і адначасова займаўся самаадукацыяй. А вось напісаць кнігу ― для мяне гэта цяжка. Заўсёды прыгадваў словы свайго настаўніка з універсітэта: “Пісьменнік заўсёды можа стаць журналістам, а вось журналіст пісьменнікам ― не”.

Фота: svaboda.org

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі