Венгрыя можа апынуцца ў ізаляцыі ў ЕС
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан апынуўся ізаляваным у ЕС больш чым калі-небудзь і працягвае памнажаць расчараванне ва ўсёй Еўропе, піша The Guardian. У апошні час кіраўніцтва Венгрыі зрабіла цэлы шэраг крокаў, якія супярэчаць агульнаеўрапейскай палітыцы. Будапешт выказаўся супраць уступлення Швецыі ў NATO, Орбан сустрэўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, які развязаў вайну супраць Украіны. Прэм'ер Венгрыі таксама параўнаў ЕС з савецкай акупацыяй, на што кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль ужо заявіў, што Будапешт у ЕС сілай ніхто не трымае.
"Нядаўняя сустрэча Орбана з Пуціным у Пекіне і тое, як прэм'ер-міністр Венгрыі параўнаў ЕС з Савецкім Саюзам, падымаюць пытанні аб тым, ці можам мы па-ранейшаму давяраць гэтай краіне як саюзніку і партнёру", — сказаў The Guardian адзін высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат на ўмовах ананімнасці. Праблемы з Венгрыяй "хутчэй за ўсё, будуць станавіцца ўсё глыбей і глыбей і ўсё больш ставіць пад пагрозу агульныя рашэнні па стратэгічна важных пытаннях", сказаў дыпламат.
Другі высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат заявіў, што "Венгрыя становіцца ўсё больш ізаляванай, бо адтэрміноўка ўступлення Швэцыі ў NATO негатыўна ўплывае на бяспеку ўсіх саюзнікаў". Пры гэтым выданне нагадвае, што Венгрыя павінна старшынстваваць у Радзе ЕС у другой палове наступнага года, і ў Бруселі ўжо асцерагаюцца таго, як Будапешт скарыстаецца гэтай роляй.
Нагадаем, сёння Будапешт адважыўся яшчэ на адзін крок, які супярэчыць палітыцы ЕС. У Мінск, з якім замарожаныя афіцыйныя кантакты, прыехаў кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта. Ён ужо прыняў разам з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым удзел у канферэнцыі па бяспецы і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. І Лукашэнка перадаў з Сіярта запрашэнне Орбану наведаць Мінск. "Нам туды прыехаць складана, амаль немагчыма зараз. А вось ён можа ў любы час прыляцець, пагаворым па сур'ёзных пытаннях", — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
У ЕС, нагадаем, так і не прызналі выбары 2020 года як сумленныя і справядлівыя, а Лукашэнку — за прэзідэнта краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.