Віцебскія ўлады прадалі дом актывісткі Алены Янушкоўскай

Дом Алены Янушкоўскай

Дом Алены Янушкоўскай / e-auction.by

Віцебскія ўлады прадалі на аўкцыёне 30 траўня дом актывісткі Алены Янушкоўскай. Пра гэта паведамляе "Радыё Рацыя". Дом знаходзіцца ў трох кіламетрах ад горада, стаіць на ўчастку ў 54 соткі. На ўчастку ёсць сажалка. Дабрацца да Віцебска можна за 20 хвілін, расказвае Янушкоўская. Дом выставілі на продаж за 10 700, падчас таргоў кошт падняўся да 18 500 рублёў. Але яго рэальная цана нашмат большая, настойвае жанчына.

"Ездзілі вельмі шмат людзей і глядзелі маю хату. Пра гэта мне паведамілі суседзі, а задарма — чаму не ўзяць? Рэальная цана гэтай хаты нашмат болей. Я разумею так, што гэта прыбліжаныя там чыноўнікам", — мяркуе Алена Янушкоўская. Яна нагадвае, што ў гісторыі Беларусі ўжо былі перыяды, калі ў дамы то адпраўленых у Сібір, то забітых немцамі габрэяў засяляліся чужыя людзі. Але цяпер іншыя часы, мяркуе яна.

Алена Янушкоўская вяла некалькі каналаў у сацсетках, дзе расказвала пра жыццё вяскоўцаў. Алену неаднаразова затрымлівалі за яе стрымы, прызначалі арышты. У лютым 2021 года яна была вымушаная пакінуць Беларусь. Міністэрства інфармацыі ўключыла яе групы "Сапраўдная Беларусь" у розных сацсетках у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Адзначым, што раней з аўкцыёнаў прадалі кватэры, якія належаць палітзняволенаму Сяргею Ціханоўскаму і палітуцекачу Валерыю Цапкалу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі