Рэжым распрадае маёмасць “палітычных”. Ці ёсць у іх шанец яе вярнуць?
Так выглядае дзяржаўны рэкет
Беларускія ўлады працягваюць канфіскоўваць і распрадаваць маёмасць беларусаў, асуджаных па палітычных матывах. Тыдзень таму з другой спробы прадалі кватэру Веранікі і Валерыя Цапкалаў. А цяпер на сайце “БелЮрЗабеспячэнне” распачаліся таргі па маёмасці праваабаронцаў “Вясны” Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. У іх адабралі двухпакаёвую кватэру ў Мінску і 1/7 долі ў адміністратыўным памяшканні.
Не з першай — дык з другой ці трэцяй спробы маёмасць прададуць. Еўрарадыё распытала дарадцу па прававых пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіла Кірылюка, наколькі законнымі будуць гэтыя здзелкі. І ці змогуць дысідэнты прэтэндаваць на іх вяртанне.
— Наколькі продаж маёмасці асуджаных па палітычных матывах адпавядае беларускаму заканадаўству?
— Канешне, калі дапусціць, што беларускія суды вольныя і прымаюць рашэнні самастойна, дык і іх рашэнні варта лічыць законнымі. Але, абапіраючыся на досвед вывучэння крымінальных спраў, заведзеных па палітычных матывах, магу сказаць, што ўсе яны ў той ці іншай ступені сфальсіфікаваныя. Факт злачынства адсутнічае. Але рашэнні ўсё роўна прымаюцца на карысць абвінавачвання.
Магу прывесці ў прыклад выпадак Паўла Латушкі, у якога канфіскавалі дом. Дзеля гэтага яму следства “намалявала” спагнанне памерам у шэсць мільёнаў рублёў. А ўзнікла яно нібыта праз прамовы Латушкі ў жніўні 2020 года, пасля якіх нібыта адбыліся пагромы і падпалы. І гэта быццам бы нанесла шкоду дзяржаўнай маёмасці на згаданую суму.
Я бачыў матэрыялы справы, гэта ўсё дзіўна выглядала, бо там адсутнічалі патрэбныя экспертызы, падлікі страт. Была толькі даведка з МУС, што Латушка накрычаў на 6 мільёнаў рублёў — і дата, подпіс, пячатка. Але гэта не адпавядае ўзроўню доказаў нават на грамадзянскім працэсе, не кажучы пра крымінальны.
Таму ў мяне ёсць падставы сцвярджаць, што палітычныя справы — сфальсіфікаваныя. І людзі, якія іх вядуць, самі падпадаюць пад шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, пачынаючы ад злоўжывання службовым становішчам і сканчваючы прыняццем яўна няправільнага прысуду.
— У кватэрах Цапкалаў і Ціханоўскіх, якія ўжо прадалі, былі прапісаныя непаўнагадовыя дзеці палітыкаў. Як дзяржава вырашыла гэта пытанне?
— Я працаваў на спагнанні пазык больш за дзесяць гадоў, і так, прадаць кватэру, калі ў ёй прапісаныя малыя дзеці, вельмі складана. Бо перад продажам трэба іх выпісаць, а каб правы дзяцей не парушаліся, трэба прасачыць, якое памяшканне яны атрымліваюць наўзамен. Цэлая куча праблем, якая не заўсёды вырашалася на карысць крэдытора.
У рэйтынгу World Justice Project, у якім адсочваецца наколькі дзяржава сябе адчувае абмежаванай законамі, Беларусь цяпер знаходзіцца на перадапошнім месцы. Простыя людзі адчуваюць сябе больш законапаслухмянымі, чым дзяржінстытуты. Гэта дзіўны перакос, які ставіць нас у адзін шэраг з такімі краінамі, як Афганістан, Нікарагуа, Венесуэла.
— Як вам падаецца, ці ведаюць людзі, якія набываюць канфіскаваную маёмасць, каму яна належыць і якім чынам трапіла на продаж? І на што гэтыя пакупнікі разлічваюць?
— Гэта правільнае пытанне. Грамадзянскі кодэкс у Беларусі кажа, калі чалавек купляе скрадзеную рэч, суду, каб абскардзіць потым гэтае рашэнне, трэба будзе вызначыць, ці разумеў гэты чалавек, што ён купляў і ў каго. То-бок, ці быў ён добрасумленным пакупніком.
Але калі сёння-заўтра канфіскацыя прыме масавы выгляд, і маёмасць будуць адбіраць у людзей, якія не былі прызнаныя палітвязнямі ці не асуджаныя па палітычных матывах, такіх пакупнікоў могуць прызнаць добрасумленнымі. У гэтым выпадку кампенсацыю будзе плаціць пацярпеламу дзяржава — у тым ліку, спаганяючы грошы з суддзяў, якія прынялі незаконнае рашэнне.
— Зразумела, што шанец вярнуць сваю канфіскаваную маёмасць у асуджаных ёсць. Але ці трэба для гэтага дадаткова мяняць заканадаўства?
— Сённяшняе заканадаўства дазваляе адмяняць нясправядлівыя рашэнні. Хутчэй трэба змяняць прынцыпы працы судовай сістэмы: каб яна была вольнай, а не залежала ад уладаў. Цяпер суддзяў прызначае Адміністрацыя прэзідэнта, і суддзі добра разумеюць, што справаздачыцца ім трэба не перад людзьмі, а перад сістэмай, якая ім дала працу. Так быць не павінна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.