Нядобрая кватэра. Чаму не варта купляць канфіскаванае ў апазіцыянераў жыллё
Такі "дзяржаўны рэкет", які робіцца масавым, закладае праблемы на шмат пакаленняў наперад
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў забіраць маёмасць ва ўсіх, хто ажыццяўляе "непрыязныя" дзеянні ў дачыненні да яго рэжыму. А потым яшчэ зрабіў продаж нерухомасці з-за мяжы фактычна немагчымым, каб беларусы ў эміграцыі не маглі пазбавіцца ад кватэр раней, чым іх "адцісне" дзяржава.
У такім рэкеце няма нічога новага — як і ў адмене яго наступстваў. Камуністы адабралі шмат кватэр — і тысячы з іх у 90-х вярнуліся да спадкаемцаў законных уладальнікаў.
Такое аднаўленне справядлівасці называецца рэстытуцыяй, яе ў пачатку 90-х прайшлі, напрыклад, краіны Балтыі і Польшча. Досвед гэтых краін паказвае: калі ўлады прадаюць кватэру Святланы і Сяргея Ціханоўскіх, яны ствараюць праблему не толькі Ціханоўскім. Яны закладаюць праблемы на будучыню для тых, хто купляе іх кватэру.
Нават праз дзесяцігоддзі такое незаконна "адціснутае" ва ўладальнікаў жыллё вяртаецца да законных спадчыннікаў. А пакупнікі аказваюцца часам літаральна на вуліцы (нават калі яны не ведалі, што куплялі "нядобрую" кватэру).
Польшча. Новая несправядлівасць накладаецца на старую?
Быў студзень 2013 года. Марта Пызель хадзіла па крамах, а калі вярнулася дадому, аказалася... што дома ў яе больш няма. Ключы не падыходзілі да замка.
Марта жыла ў шматкватэрным доме ў варшаўскім прыгарадзе. Да вайны гэты дом быў у прыватнай уласнасці, а пасля вайны яго нацыяналізавалі, як і многія іншыя дамы. Справа ў тым, што ў студзені 1945 года пасля нямецкай акупацыі і двух паўстанняў Варшава ляжала ў руінах, а больш за 90% жылога фонду горада было разбурана. Паколькі новыя камуністычныя ўлады павінны былі знайсці для людзей дамы, яны перадалі ўсю зямлю ў даваенных межах горада муніцыпальным уладам.
А калі камуністычны рэжым у Польшчы абрынуўся, знайшліся спадкаемцы, якія вырашылі аднавіць справядлівасць. І суд вярнуў ім дом продкаў. У Польшчы гэты працэс называўся рэпрыватызацыяй.
"Я пазваніла ў дзверы, але ўладальнікі будынка сказалі, што не пусцяць мяне", — расказвала Марта журналістам The Guardian.
І не пусцілі. З таго дня Марта больш ні разу не спала на сваім ложку.
А бывала зямельныя ўчасткі, якія суд загадваў вярнуць, размяшчаліся на тэрыторыях, якія ў пачатку ХХІ стагоддзя зрабіліся, да прыкладу, паркамі. Але ў выніку рэпрыватызацыі скверы і школьныя пляцоўкі ператвараліся ў зарослыя аўтастаянкі. А некаторыя будынкі заставаліся пустымі і трухлелі.
У рэшце і бізнесмены сталі больш ахвотна ўкладаць грошы ва ўскраіны Варшавы, а не ў цэнтр — занадта непрадказальным мог быць лёс "цэнтральных" укладанняў. Гэта, вядома, падарвала развіццё горада.
Дарэчы, прэтэнзію на рэстытуцыю можна было купіць. Так адзін бізнесовец купіў у пажылой варшавянкі яе пазоў крыху больш чым за 100 долараў — і стаў уладальнікам будынка ў цэнтры Варшавы.
Але былі і больш жахлівыя выпадкі. Дагэтуль у Варшаве можна ўбачыць графіці, прысвечанае актывістцы ў абароне правоў жыхароў Іялантэ Бжэске. Жанчыну знайшлі ў лесе мёртвую ў 2011 годзе. Іяланта змагалася супраць высялення жыхароў з дома, у якім жыла і сама. Гэта як мінімум не зменшыла падазрэнняў у тым, што ў нейкі момант да рэпрыватызацыі прычынілася арганізаваная злачыннасць.
Латвія: 220 тысяч кандыдатаў на бяздомных
У 1991-м годзе латвійскія дэпутаты прагаласавалі за вяртанне нарабаванага. І за першыя 10 гадоў рэстытуцыі больш за 14 тысяч нашчадкаў тых, у каго камуністы адабралі нерухомасць, вярнулі сабе кватэры. Каля 78 тысяч кватэр! Свае правы маглі заявіць нават далёкія сваякі, піша Delfi.
Цікава, дарэчы, што каля 90% жылых дамоў да 1940 года былі закладзеныя ў латвійскіх банках, і іх уладальнікі да вайны не паспелі вярнуць крэдыты. Гэта значыць, гэтыя кватэры нават не належалі продкам тых, хто патрабаваў іх вярнуць.
Спадчыннікі мусілі пачаць са здачы моўнага экзамену. Але ў цэлым суды былі да іх лаяльныя. Часам, калі не было дакументаў, якія б пацвярджалі права спадчыны, да ўвагі прымаліся ўсяго толькі словы сведак.
А ў гэтых кватэрах да моманту перамогі справядлівасці жыло 220 тысяч чалавек — прыкладна 10% жыхароў краіны. У Рызе сітуацыя закранула амаль кожнага пятага кватэранаймальніка. Усе гэтыя людзі адным днём сталі кандыдатамі на бяздомных.
Але ўсё ж тут сітуацыя была не такой, як у Польшчы, і новым гаспадарам таксама было нялёгка. Старых жыхароў забаранілі высяляць цягам сямі гадоў. Улады баяліся хваляванняў, таму ўсталявалі такі "пераходны перыяд". У гэты час выселіць арандатара можна было толькі ў выпадку капрамонту, але і тады новы ўладальнік дома абавязваўся забяспечыць часовымі кватэрамі кожную сям'ю, якую высяляе.
Пры гэтым самім дамам вельмі патрэбны быў рамонт — амаль усе яны знаходзіліся ў цэнтры горада і выглядалі не вельмі добра. Але за якія грошы яго рабіць? Урад усталяваў "столь" квартплаты, якую новыя ўладальнікі маглі браць са старых, за гэтыя грошы разгуляцца не атрымлівалася.
Напрыклад, жонцы латвійскага экс-прэм'ера Айі калісьці дасталіся тры дамы.
— Матэрыяльна і фізічна было б лягчэй іх прадаць і жыць на атрыманыя даходы, але я так не магла. Бо гэтыя дамы калісьці будавалі мае родныя — уклалі ў іх сілы, сродкі, душу... Кручуся…
У доме на вуліцы Стабу жывуць збольшага пенсіянеры. Грошай, ясная справа, ад гэтых жыхароў чакаць не даводзіцца, а дом трухлее. Паставілі новы дах, замянілі электраправодку, вадаправод, каналізацыю. Бяру крэдыты, а калі грошы вернуцца — невядома.
Але бывала менш сентыментальныя новыя гаспадары вырашалі, што ад дома прасцей пазбавіцца. Будынак прадавалі або наймалі кіраўнікоў. І кіраўнікі часта пачыналі з таго, што пазбаўляліся ранейшых жыхароў. І вось у гэты момант гісторыя вельмі нагадвала польскую.
— Было шмат гісторый, калі дом куплялі спрытныя хлопцы. Дамаўляліся з судовым выканаўцам, што той пачакае, калі жыхары сыдуць з дому, — і ў гэты час вывозілі ўсю іх маёмасць. У кватэрах мянялі замкі, а потым казалі, што былі не ў курсе існавання савецкіх дагавораў найму, — успамінае юрыст Юрый Сакалоўскі, праз рукі якога прайшлі многія гісторыі дэнацыяналізацыі.
Рыжскія газеты ў тыя гады публікавалі гісторыі пра тое, як з дамоў на цэнтральных вуліцах сталіцы зжывалі ўпартых бабулек. Некаторыя рыэлтары, спрабуючы пазбавіцца жыхароў, "арганізоўвалі" тэрміновы капітальны рамонт, выключалі ацяпленне і электрычнасць.
Літва: як вярнуць надзел зямлі?
У 1991 годзе тут адразу ж абвясцілі пра аднаўленне Канстытуцыі 30-х гадоў і грамадзянскага права. І на працягу ўсяго пары тыдняў парламент прыняў закон "Аб рэстытуцыі" і закон "Аб зямельнай рэформе". Пачалі паступаць заяўкі ад жыхароў, піша "Радыё Свабода".
Чалавек падаваў заяву з патрабаваннем вярнуць зямлю, якая належала яму самому або яго бацьку. Ехаў у той раён, дзе знаходзілася зямля, запаўняў стандартную форму і паказваў доказы таго, што з'яўляецца ўладальнікам або спадчыннікам. Знаходзіць доказы было не вельмі складана — у Літве захаваліся кнігі ўліку зямлі.
Раённы савет па землеўпарадкаванні прымаў рашэнне аб адабрэнні рэстытуцыі. І адтуль дакументы адпраўляліся ва ўпраўленне па землеўпарадкаванні. Там юрысты вырашалі, ухваліць заяўку або адхіліць.
Калі зямлю да таго моманту ўжо забудавалі і дзяржава не магло яе аддаць, то чалавек мог прэтэндаваць на іншы надзел зямлі ў тым жа раёне або ў суседнім.
Найскладаней было з вяртаннем дамоў у гарадах. У Літве новыя ўладальнікі таксама павінны былі заключаць угоды з жыхарамі дамоў, і тут таксама не абыходзілася без канфліктаў. Спадчыннікі спрабавалі завышаць цэны на арэнду, але дзяржава, як і ў Латвіі, вызначыла столь цаны, таму да бясчынства не даходзіла.
А яшчэ ў Літве для таго каб уступіць у права атрымання спадчыны, трэба было быць грамадзянінам гэтай краіны і жыць у ёй. А гэта аўтаматычна рабіла колькасць прэтэндэнтаў меншай, а імавернасць канфлікту — ніжэйшай.
А як зрабіць справядліва?
Розныя краіны спрабавалі знайсці розныя спосабы паступіць справядліва. Напрыклад, у 2021 годзе польскі ўрад прыняў значны закон аб рэстытуцыі. Ён мусіў пакласці канец працэсу репрыватызацыі і абмяжоўваў у правах шукальнікаў спадчыны. Здавалася б: трыумф справядлівасці, наймальнікі кватэр абароненыя ад бясчынства. А ізноў — не. Гэты закон выклікаў трывогу ў многіх спадчыннікаў. І ў тым ліку ў арганізацый, якія прадстаўляюць людзей, што перажылі Халакост. За што іх ушчамляюць у правах?
Усе гэтыя спробы зрабіць, нарэшце, добра і справядліва для ўсіх так ці інакш даваліся ў знакі часцей за ўсё ні ў чым нявінным людзям. І гэта намёк беларускаму рэжыму: дзяржаўны "рэкет" адзываецца на наступных пакаленнях. А заканадаўцам будучыні патрабуецца шмат кемлівасці, каб паспрабаваць аднавіць справядлівасць.
Але часцей за ўсё аказваецца, што на старую несправядлівасць накладаецца новая. Так што калі ўлады будуць прадаваць з аўкцыёну яшчэ адну адабраную ў апазіцыянераў кватэру, тройчы падумайце, перш чым зрабіць стаўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.