Выкладчыцу БДУ адправілі на Акрэсціна, каб прымусіць звольніцца

Кацярына Дзяйкала
Юрыстку Кацярыну Дзяйкала, колішнюю загадчыцу кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін БДУ, пасадзілі на "суткі", каб прымусіць звольніцца. Пра гэта яна расказала ў гутарцы з "Нашай Нівай".
Як згадвае Дзяйкала, у 2020 годзе ёй далі зразумець, што кантракт у БДУ працягваць не будуць. Але яе пасада прадугледжвала конкурс, таму выкладчыца падала дакументы, неабходныя для гэтай працэдуры. Аднак адміністрацыя ўніверсітэта знайшла спосаб паўплываць на непакорлівую супрацоўніцу.
"Для кагосьці было дастаткова размовы. (…) Для кагосьці ўвогуле не трэба размоў, проста намёк. Але для мяне, відаць, стала недастаткова, і да мяне прыйшлі з ператрусам у адзін цудоўны дзень. Паводле заказу прарэктара БДУ па бяспецы", — расказвае юрыстка.
Пра тое, хто арганізаваў у яе ператрус, жанчына даведалася ад саміх сілавікоў: "Я чую, што яны гавораць: «Пазвані заказчыку». Я кажу: «Цікава, хто мяне заказаў?» Яны гавораць: «Падумайце, дзе вы працуеце».
Пасля ператрусу Дзяйкала затрымалі, і тры дні пратрымалі на Акрэсціна. Пасля гэтага яна сама вырашыла пакінуць БДУ. Аднак яе пасля вызвалення паклікалі на размову да кіраўніцтва факультэта, дзе пераконвалі звольніцца — "гэта для тваёй жа бяспекі". Таксама выкладчыцы абяцалі дапамагчы ўладкавацца на працу ў іншую ВНУ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.