Вынікі 2023 года ў беларускім кіно: 6 важных трэндаў і 5 вартых фільмаў
Кіно
Мінулы год аказаўся ў роўнай ступені выпрабавальным як для беларускага грамадства, так і для айчыннага кіно, задача якога не змянілася — адлюстроўваць нашыя калектыўныя летуценні і няшчасці. Рэжым усталяваў фактычна поўны кантроль над культпрасторай краіны, выціснуўшы з яе ўсіх непакорных, а кінасупольнасць у эміграцыі пакуль знаходзіцца ў працэсе фармулявання сцэнароў для далейшага існавання.
Еўрарадыё згадвае, што з найбольш важнага і цікавага адбылося ў айчынным кіно за мінулы год.
Важныя трэнды
Што звычайна робяць людзі творчых прафесій, трапіўшы ў эміграцыю? Акрамя пошуку шляхоў для ўласнага выжывання, яны намагаюцца застацца ў прафесіі. А тое проста немагчыма без аб’яднання ў творчыя суполкі, якія падтрымліваюць сваіх чальцоў і лабіруюць іх інтарэсы за мяжой.
У гэтым плане 2023 год распачаў бум на інстытутастваральныя ініцыятывы. Тэатральныя дзеячы аб’ядналіся ў Беларускі інстытут тэатра, фатографы – Фатаграфічную асацыяцыю, музыкі – Музычную супольнасць.
Але заканадаўцамі мод сталі менавіта кінематаграфісты, утварыўшыя адразу два досыць актыўныя аб’яднанні. Першае — Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA), якую прадставілі падчас “Берліналя” ў лютым 2023 года, і Беларуская сетка кінафільмейкераў (BFN), якая існуе з лютага 2022 года.
Яны абедзве прасоўваюць інтарэсы стваральнікаў кантэнта, пазбаўленага дзяржфінансавання, на фестывалях і іншых кінапляцоўках, а таксама набіраюць новых чальцоў у свой склад. Нягледзячы на падобнасць у дэклараваных каштоўнасцях і агучаных мэтаў, працуюць ініцыятывы трохі па-рознаму.
Кінаакадэмія выконвае хутчэй прадстаўнічую ці “дыпламатычную” функцыю, распавядае пра праблемы беларускага кіно падчас міжнародных фестываляў і імпрэз. А таксама вырашае дыскрымінацыйныя пытанні кіношнікаў, калі ім адмаўляюць ва ўдзеле конкурсе ці іншай магчымасці, матывуючы тое суўдзелам Беларусі ў вайне.
У сваю чаргу сетка займаецца больш практычнымі рэчамі. Напрыклад, яна зладзіла летам і восенню два з'езды кінематаграфістаў у Варшаве і Германіі, праводзіла публічныя паказы сваіх чальцоў за мяжой (пераважна ў Германіі), стварыла Інкубатар мікрабюджэтнага кіно, пераможцы якога атрымаюць 2,5 тысячы еўра на ажыццяўленне сцэнарнай заяўкі.
Наколькі актыўнымі былі кіношнікі ў эміграцыі, настолькі ж кансерватыўным аказаўся ў гэтым годзе сегмент беларускага дзяржкіно. Акрамя таго, што на экраны выходзілі выключна ідэалагізаваныя праекты (драма “Ліст чакання” пра кардыёлагаў-эмігрантаў і гістарычны эпік “На іншым Беразе” пра жыццё ў Заходняй Беларусі 1920-х пад польскай уладай), дык яшчэ цалкам змянілася кіраўніцтва “Беларусьфільма” і Аддзела па кінематаграфіі Мінкульта.
Кіраўнічае крэсла нацстудыі заняў былы буйны гарадзенскі ідыёлаг Юрый Аляксей, а ведамства — Ірына Дрыга, найбольш адыёзны цэнзар беларускай культуры ў 2010-я гады.
Ад гэтага тандэма кансерватараў і рэакцыянераў чакаць чагосьці добрага не выпадае. Прынамсі ўжо анансаваны праекты і пра падзеі 2020 года з пункту гледжання рэжыма, біяграфічны фільм пра Лукашэнку і шмат іншай прапагандысцкай трасцы.
Тым часам рэпрэсіі цалкам зачысцілі культурную прастору ад прыватных культурных ініцыятыў. Апошнім паў ахвярай кінафестываль “Нефільтраванае кіно”.
Яго вясной спачатку забаранілі праводзіць у Мінску, як і некалькі ініцыятываў ў іншых гарадах, а ўзімку — затрымалі ягоных стваральнікаў і гасцей падчас публічнай сустрэчы па чытцы сцэнароў.
Цяпер незалежнае беларускае кіно, якое не трапіла пад кантроль дзяржавы, беларусы могуць убачыць альбо анлайн, альбо за мяжой. Іншых варыянтаў проста не існуе.
Яшчэ адным болем застаецца згортванне магчымасцяў па стварэнні тэледакументалістыкі, якая на хвалі палітычнага крызісу заўважна расквітнела. За апошнія два гады такі кантэнт канвеерным чынам стваралі не толькі блогеры, але і прафесійныя дакументалісты ў праектах “Malanka.Doc” (анлайн-выданне “Маланка”), “Жыве Беларусь” (рускамоўны тэлеканал “Настоящее время”), “Belsat.doc” (беларускамоўны польскі канал “Белсат”).
Усе яны ў першай палове 2023 года рэзка спынілі дзейнасць па розных прычынах: адсутнасць грошай, небяспека для працы аўтараў у Беларусі і г.д. Імпэт у сэнсе працы захаваў толькі “Белсат”, але пасля змены польскага ўрада і распачатага рэфармавання працы польскага дзяржтэлебачання, перспектывы працягу працы дакументалістаў застаюцца цьмянымі.
Таксама застаецца невырашальнай галоўная праблема нацкінематаграфіі — адсутнасць зразумелых крыніц фінансавання кіно. Рэжым працягвае кантраляваць сістэму спансавання кінавытворчасці ў краіне, даючы грошы толькі на ідэалагічны кантэнт.
А ў замежжы паўнавартаснай ініцыятывы і крыніцы фінансавання пакуль няма. Грантавыя праекты тыпу ArtPower Belarus ад Беларускай рады культуры вырашыць праблему не ў стане.
Падтрымка павінна мець больш сталы, прадказальны і маштабны характар, бо грантавыя праекты могуць вырашыць толькі пэўныя моманты кінавытворчасці і не замяніць паўнавартаснае фінансаванне.
Паглядзім, ці атрымаецца ў новых супольнасцяў кінематаграфістаў наладзіць ў 2024 годзе сталую супрацу з Eurimages і іншымі еўрапейскімі кінафондамі.
Айчынны кінапракат афіцыйна перайшоў на пірацкі кантэнт, пра што “Еўрарадыё” пісала яшчэ восенню мінулага года. Рэжым прыняў закон, які пазбавіў “праваўладальнікаў з “недружалюбных” краін выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці.
Дзяржава фактычна ўзаконіла крадзеж з магчымасцю для кампаній-стваральнікаў атрымаць кампенсацыю. Але працаваць беларускім кінатэатрам усё ж прасцей не стала — студыі-мэйджары кантэнту з ЗША сапсавалі лагістыку пастаўкі нелегальных копій з краін постсавецкай прасторы (Казахстан і Грузія) у падсанкцыйныя Расію і Беларусь.
Праз гэта рэлізы галівудскіх блакбастараў прыкладна з сярэдзіны года (“Барбі”, “Флэш”, “Трансформеры 7” і г.д.) пачалі выходзіць са значным спазненнем.
Найлепшыя фільмы
За мінулы год беларускія аўтары выпусцілі няшмат сапраўды яркіх і заўважных кінапраектаў, але выбітныя праекты сярод іх усё роўна трапляюцца.
Безумоўны фаварыт з іх — драма “Радзіма” Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча, зробленая ў жанры дакументальнага даследавання. Аўтары на прыкладзе дзедаўшчыны ў беларускай арміі разглядаюць феномен гвалту, як інструмента кіравання грамадствам і ўтрымання ўлады рэжымам Лукашэнкі.
Стужка атрымала шэраг узнагарод на фестывалях Даніі і Германіі, трапіла ў намінанты прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі і лонг-ліст прэміі “Оскар”. Міжнародны поспех “Радзімы” дадаткова даказвае, што сапраўднае моцнае кінамастацтва не сумяшчаецца з дзейным рэжымам улады і ягонай разбуральнай культурнай палітыкай.
Гэты тэзіс пацвярджае біяграфія аніматара Івана Гапіенкі. Малады мастак з Мінску сышоў з “Беларусьфільма”, свядома адмовіўся ад працы ў ІT і эміграваў у Польшчу, каб тут рэалізоўваць свае мастацкія праекты ва ўласнай кампаніі – “Junipero Studios”.
Яго першая праца у эміграцыі — імпрэсіянісцкі паўбіяграфічны мультфільм “Калыханка”, які адлюстроўвае страх і стрэс ад пражывання масавага гвалту.
Іван адмаўляе, што фільм прысвечаны выключна рэпрэсіям у Беларусі 2020-2023 гадоў, але інфармацыйны кантэкст, у якім выйшаў праект, проста не дае прасторы для іншых інтэрпрэтацый.
Мы прызвычаіліся ўспрымаць эміграцыю як вымушаную меру, якая ў найлепшым выпадку проста прыносіць пакуты, а ў найгоршым – ставіць крыж на тваім жыцці. Дакументаліст Аляксандр Матафонаў прапаноўвае іншы, больш тэрапеўтычны і канструктыўны погляд на сацыяльную з’яву.
У сваім фільме “Так мала і так шмат” аўтар назірае за ўласнай сям’ёй, якая перажывае праз пераезд з Беларусі ў 2020 годзе ў Польшчу. Эміграцыя для беларусаў становіцца не столькі выпрабаваннем, сколькі магчымасцю распачаць новае, больш упэўненае, прадказальнае і камфортнае жыццё.
Шмат спрэчак выклікаў ігравы мінісерыял “Працэсы”, створаны на базе тэлеканала “Белсат”. Яго шоўранеры Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй стварылі невялічкую анталогію паноптыкуму лукашэнкаўскай Беларусі.
Тут АМАПаўцы карыстаюцца затрыманымі пратэстоўцамі як якаснай працоўнай сілай, дзеці ходзяць на экскурсію ў КДБ, чыноўнікам сніцца калектыўны кашмар пра смерць аўтакрата, а дзяржпрапаганда запэўнівае маці, якая страціла сына на вайне, што яго ніколі і не існавала.
Можна знайсці тысячу і адну прычыну, каб пакрытыкаваць эксперыментальны і не ва ўсім ідэальны праект. Але трэба аддаць яму належнае — так шчыра пра абсурд беларускай рэчаіснасці ў ігравым кіно Беларусі не выказваліся з нулявых гадоў, калі выйшаў фільм Сяргея Лобана “Выпадак з пацаном”.
Калі тэма 2020-х і рэпрэсій вас цалкам стаміла, варта звярнуць увагу на дакументальны фільм “Ястраб памерам з каня” — магічную стужку дакументалісткі Сашы Кулак, аўтаркі эксперыментальнага фільма “Мара” пра катастрофу пратэстаў 2020 году.
У ім фігуруе арніталагіня Лідзія з расійскага пасёлка Шчарбінка. Яна трансперсона – мужчына, які выглядае і паводзіць сябе як жанчына — якая ў вольны час здымае аматарскую версію культавага серыяла “Твін Пікс”.
Расшыфраваць паказаную фантасмагорыю так проста не атрымаецца. Кулак не ставіць відавочных акцэнтаў у аповедзе і не спрабуе сфармуляваць зразумелы мэсэдж для аўдыторыі.
Права на высновы аб гэтай фантасмагарычнай гісторыі аддаецца на водкуп гледачам, што толькі дадаткова яднае “Ястраб” са знакамітым серыялам Дэвіда Лінча, які так намагаецца ўвасобіць у жыццё Лідзія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.