Як беларускі псіхіятр пацвердзіў дыплом у Польшчы і колькі зарабляе
![Досвед адаптацыі маладога псіхіятра, які пераехаў у Польшчу ў 2021 годзе](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2025-01/35.jpg.webp?itok=dtj5nklT)
Досвед адаптацыі маладога псіхіятра, які пераехаў у Польшчу ў 2021 годзе / @rubanau_collage
Адток медыкаў з Беларусі — праблема, з якой улады змагаюцца апошнія пяць гадоў. Многія спецыялісты, якім на радзіме фактычна не даюць працаваць, пераехалі ў Польшчу.
Паводле ацэнак польскіх чыноўнікаў, такіх лекараў можа быць некалькі тысяч. Адны змянілі прафесію, іншыя спрабуюць уладкавацца ў мясцовую сістэму аховы здароўя.
Еўрарадыё расказвае гісторыю маладога псіхіятра-выпускніка медуніверсітэта, які два гады адпрацаваў у адным з райцэнтраў Гомельскай вобласці, а затым пераехаў з жонкай у Варшаву, каб працягнуць медыцынскую практыку. У мэтах бяспекі некаторыя дэталі яго біяграфіі змененыя.
Калі вы за мяжой, дапамажыце нам рабіць сапраўдную журналістыку для вас і для беларусаў у Беларусі! Тут можна зрабіць данат Еўрарадыё.
"Мама вельмі хацела, каб я пайшоў вучыцца ў Акадэмію МУС"
— Наогул, гэта вельмі пацешная гісторыя пра тое, як я выбраў медыцыну. У час летніх канікул перад пачаткам 11 класа ў мяне з бацькамі адбылася размова на тэму, куды я планую паступаць. Мама вельмі хацела, каб я пайшоў вучыцца ў Акадэмію МУС, а я хацеў паступаць на перакладчыка.
У меркаваннях не пагадзіліся, і як альтэрнатыву я выбраў медыцынскі ўніверсітэт. У той час глядзеў серыял "Клініка", і мяне зацікавіла спецыфіка медыцыны і неяк пацягнула ў гэты бок [куды і паступіў у 2011 годзе].
Падчас вучобы ва ўніверсітэце я яшчэ да канца не разумеў, на якую спецыялізацыю хацеў паступаць. Але вельмі ярка памятаю, як у нас былі першыя заняткі па псіхалогіі на базе кафедры псіхіятрыі, і там на занятках адбылася першая гутарка з пацыентам з псіхічным разладам, дзе ён ярка апісваў свае перажыванні, тое, што ён адчуваў, бачыў і чуў.
Мяне гэтая сустрэча вельмі ўразіла і засталася, верагодна, дзесьці ў падсвядомасці. Потым глядзеў у бок хірургіі, але гэта хутчэй за ўсё такі стэрэатып, што хлопец мусіць быць хірургам. І вось на 6-ым курсе па выніку размеркаваўся як псіхіятр.
Калі казаць пра якасць выкладання, то магу сказаць, што нашая кафедра па псіхіятрыі была добрай. Адны з нешматлікіх лекцый, якія я сапраўды слухаў з цікавасцю — гэта былі лекцыі па псіхіятрыі.
Пры жаданні можна было хадзіць на дадатковыя заняткі, удзельнічаць у факультатывах. Але ў маім разуменні галоўная праблема складаецца ў тым, што ў цэлым на псіхіятрыю адводзілася не так шмат акадэмічных гадзін у параўнанні з іншымі дысцыплінамі. Але і, вядома, не хапала доступу да сучасных падручнікаў.
"Хто адпрацаваў на раёне — той у цырку не смяецца"
— Ёсць такі жарт: "Хто адпрацаваў на раёне — той у цырку не смяецца". Вось, напэўна, неяк так коратка можна апісаць маю адпрацоўку.
Прыязджаеш туды, дзе да цябе спецыяліста магло гадамі не быць, працы цэлая куча: шалёны паток пацыентаў, адказваеш за ўсё і адразу, ты мусіш быць і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц.
І самае сумнае, што ты пры гэтым сам па сабе, няма старэйшых вопытных калег, з якімі можна было б неяк пракансультавацца. Усё гэта выклікала вельмі моцны стрэс-пасля адпрацоўкі я не мог глядзець у бок медыцыны і некаторы час нават думаў пра тое, каб не вяртацца.
Як пазітыўнае можна адзначыць тое, што ты набіраешся вялікай колькасці вопыту за кароткі тэрмін, але коштам свайго здароўя. Зарплата была невысокая — 900-1000 рублёў на месяц, з улікам падработак.
З'ехаў з Беларусі [вясной 2021 года, за пару дзён да прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску]. Хацелася, каб тваю працу шанавалі і аплачвалі годна, каб адчувалася павага ад людзей, улічваючы, што займаешся не такой простой справай.
Адбіліся і падзеі 2020 года, якія не маглі пакінуць абыякавым.
Польшчу выбралі таму, што вывучыць мову тут прасцей, чым, напрыклад, нямецкую. Да таго ж і тады, і цяпер многія беларусы пераязджаюць менавіта сюды. Было шмат інфармацыі пра пераезд, а яшчэ хацелася жыць у краіне, дзе заўсёды можна знайсці суайчыннікаў.
"Знайшоў працу прадаўцом у адной з крамаў"
— Перад пераездам хадзіў на моўныя курсы і за паўгода дайшоў да ўзроўню В1. Але моўнай практыкі было мала, не было ўпэўненасці, што атрымаецца працаваць там, дзе трэба кожны дзень прымяняць мову, таму шукаў спярша працу без ведання мовы.
Першай стала ўпакоўка дробнай электронікі ў адной з маленькіх крамак. У цэлым, так як я пераязджаў разам з жонкай (яна таксама працавала), то склаўшы нашыя зарплаты, нам хапала грошай на арэнду жылля, рэчы першай неабходнасці, схадзіць кудысьці пагуляць. Нават нейкую капейчыну ўдавалася адкладаць.
Потым умовы на гэтай працы пагоршыліся, ды і ў цэлым, трэба было рухацца далей і падцягваць мову. Таму я знайшоў працу прадаўцом у адной з крам. Праца была ў польскім калектыве, што дало магчымасць хутчэй падцягнуць гутарковую польскую.
"Не адчувалася нейкага падзелу паміж польскім стажорам і стажорам-замежнікам"
— [Жаданне вярнуцца ў прафесію прыйшло], калі я дастаткова адпачыў і перазагрузіўся ад медыцыны, ну і насыціўся працай пакавальнікам і прадаўцом.
Ну і прыйшло разуменне, што хочацца ўсё ж такі займацца больш цікавымі для сябе рэчамі, развівацца.
У цэлым працэдура [пацверджання дыплома] складаецца з двух частак: трэба здаць настрыфікацыйны экзамен вусна або ў выглядзе тэстаў. Усё гэта адбываецца на базе аднаго з медыцынскіх універсітэтаў.
Калі ты здаеш яго, то атрымліваеш сертыфікат аб прызнанні дыплома, атрыманага ў трэцяй краіне, эквівалентны адпаведнаму польскаму дыплому.
Яшчэ трэба здаць экзамен па медыцынскайм польскай, які складаецца з 4-х частак (2 пісьмовых і 2 вусных). Пасля гэтага ты мусіш прайсці абавязковую паслядыпломную стажыроўку на працягу 13 месяцаў.
Падчас гэтай стажыроўкі або напрыканцы трэба здаць выпускны медыцынскі экзамен (LEK), каб атрымаць ліцэнзію на практыку.
Так ты становішся лекарам без спецыялізацыі. А ўжо далей ты можаш паступаць на рэзідэнтуру (на цікавую табе спецыялізацыю), альбо можна ісці працаваць лекарам агульнай практыкі.
У маім выпадку падрыхтоўка да іспытаў заняла каля года — было 3 спробы здаць экзамен.
Складанасць у тым, што трэба не толькі ўспомніць і паўтарыць асноўныя прадметы — унутраныя хваробы, хірургію, гінекалогію, педыятрыю і іншыя, але і вывучыць усё гэта на чужой мове, сумяшчаючы з працай. Усе мае выходныя і адпачынкі сыходзілі на падрыхтоўку да экзаменаў.
А, яшчэ ж забыўся згадаць, што само паступленне — не таннае задавальненне. Трэба праставіць апастылі на дакументы, зрабіць іх натарыяльныя пераклады, трэба купіць доступы да платформаў, па якіх ты рыхтуешся, заплаціць за сам экзамен.
Існуе больш танны варыянт, але са сваімі абмежаваннямі, які яшчэ не да канца зразумела, ці прызнаюць ў іншых еўрапейскіх краінах. Гаворка пра LEW — ён каштуе 700 злотых [591 беларускі рубель па курсе Нацбанка. — Еўрарадыё].
А ёсць настрыфікацыйны экзамен, кошт якога складаў 3600 злотых [3 044 Беларускія рублі па курсе Нацбанка. — Еўрарадыё]. А зараз аплату зноў павысілі.
У цэлым мне вельмі падабаецца [праходзіць праз працэс пацверджання дыплома]. Ёсць магчымасць паглядзець на тыя вобласці медыцыны, якія [падчас вучобы ў ВНУ] не так падабаліся, адкрыў для сябе нешта цікавае і набраўся вопыту.
У тых аддзяленнях і медычных калектывах, дзе я пабываў, заўсёды было добрае стаўленне, не адчувалася нейкага падзелу паміж польскім стажорам і стажорам-замежнікам.
Напэўна, адна з галоўных складанасцяў — гэта ўсё ж такі мова, бо трэба напрацоўваць медыцынскую тэрміналогію. Падчас праходжання стажыроўкі я атрымліваю заробак лекара-стажора [на рукі 6100 злотых або 5 158 рублёў] і жыву на гэтыя грошы.
"Шмат што залежыць ад месца праходжання рэзідэнтуры"
— [Чым адрозніваецца праца псіхіятара ў Беларусі і Польшчы] пакуль я не магу шмат чаго расказаць. Я ўсё яшчэ стажыруюся, а на псіхіятрыі быў усяго пару тыдняў.
Мяркуючы па тым, што я ўжо ўбачыў, вялікім плюсам тут для мяне стала тое, што ў рэзідэнтуры праца будуецца ў пары рэзідэнт — спецыяліст.
Гэта значыць, у цябе ёсць старэйшы калега, да якога заўсёды можна звярнуцца і пракансультавацца. Хачу заўважыць, што я бачу гэта ў бальніцы вялікага горада. Не ведаю, як справы ідуць у маленькіх гарадах. Думаю, што многае залежыць ад месца праходжання рэзідэнтуры.
Ну і ўзнікае адчуванне таго, што псіхіятрыя тут менш стыгматызаваная, чым у нас, больш адкрыта кажуць аб праблемах і ёсць доступ да больш сучасных і новых прэпаратаў.
А з нагоды зарплаты спецыяліста, там усё вар'юецца ад таго, дзе ты працуеш, з кім як дамовішся аб сваёй стаўцы, ці працуеш ты на кантракце.
Рэзідэнтам плацяць фіксаваную зарплату на працягу праходжання рэзідэнтуры — яна складае 9 368 злотых, a пасля двух год працы — 10 220 злотых [7 909 і 8 628 рублёў адпаведна па курсе Нацбанка. — Еўрарадыё]. Ну і, ясная справа, што там праз пару гадоў можна ісці браць дадатковыя дзяжурствы або ў медцэнтрах падпрацоўваць — адпаведна, заробак будзе вышэйшы.
Неяк цяжкавата планаваць [сваю будучыню] у святле апошніх падзей у свеце, але на сённяшні момант план скончыць стажыроўку і паступіць на спецыялізацыю, а там паглядзім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.