Як катуюць у калоніі, дзе сядзіць Калеснікава

Жаночая калонія №4 г. Гомеля

Жаночая калонія №4 г. Гомеля / БЕЛТА

Днямі Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прэзентаваў раследаванне “Катаванні і жорсткае абыходжанне ў жаночай калоніі №4 г. Гомеля”.

У ім расказваецца пра бытавыя ўмовы ў атрадах, атмасферу, якая пануе ў калоніі, пра тое, як і дзе працуюць жанчыны-асуджаныя і колькі яны атрымліваюць за сваю працу. Праваабаронцы таксама звяртаюць увагу на незаконныя пакаранні, якія выкарыстоўваюцца што да зняволеных жанчын.

Аўтары дакумента вывучылі 20 інтэрв'ю з жанчынамі — былымі асуджанымі, якія адбывалі пакаранне ў ПК-4 у перыяд з траўня 2021 да лютага 2024 года.

Еўрарадыё прыводзіць вытрымкі з гэтага расследавання.

“Камісія па пакараннях”

У беларускім заканадаўстве няма такога паняцця, аднак на практыцы рашэнні што да пакаранняў прымаюцца менавіта гэтай “камісіяй”. Як пішуць праваабаронцы, у яе склад уваходзяць начальнік калоніі, аператыўныя супрацоўнікі, начальнік папраўчага працэсу, псіхолаг, начальніца атрада, у дачыненні да зняволенай якога разглядаецца рапарт. Усе яны выкарыстоўваюць псіхалагічны ціск на зняволеных. 

Як катуюць у калоніі, дзе сядзіць Калеснікава
ПК-4 / "Гомельскія ведамасці"

Пералік парушэнняў, за якія зняволеныя могуць атрымаць спагнанне, вельмі шырокі.

“Дзяжурства на брамцы… Заггас, такая ўжо шасцёрка, якая ў змове з таварышамі міліцыянтамі, кажа: “… табе вось проста цяпер трэба ісці на званкі, бо ўжо адтэлефаноўваюць вашых палітычных, замест цябе пастаіць там, умоўна, Каця”. Я нічога не падазраючы пайшла на гэтыя званкі. А на наступны дзень да мяне падыходзяць і прад’яўляюць: “… сышла з дзяжурства»… Ну і ўсё, добры дзень, новы рапарт у мяне. Я стала злосніцай…”

На зняволеных складаюць рапарты за размовы падчас шыхтавання, сыход з дзяжурства, захоўванне пратэрмінаваных лекаў, забароненых рэчаў ці рэчаў, якіх няма ў тваім вопісе, парушэнне раскладу, выкарыстанне нецэнзурнай лексікі. Таксама часта рапарты складаюцца за парушэнне формы адзення.

Прычым рэальная прычына пакарання і парушэнне паводле рапарта не заўсёды супадаюць.

Пакаранне за “сямейніцтва”

Адміністрацыя ўсяляк змагаецца з праявамі ўзаемадапамогі і падтрымкі сярод зняволеных. Для гэтага нават існуе тэрмін “сямейніцтва”. Любыя дзеянні, скіраваныя на клопат пра іншага чалавека, ці проста сяброўскія адносіны могуць палічыць парушэннем. Дапамога іншым зняволеным таксама забароненая, бо лічыцца выкарыстаннем іншых асуджаных у сваіх карыслівых мэтах.

Як катуюць у калоніі, дзе сядзіць Калеснікава
ПК-4 / Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Клетка размешчаная такім чынам, каб яе бачыла як мага больш асуджаных па дарозе на працу або з яе, што нясе дадатковыя прыніжэнні і пакуты пакаранай. Самі супрацоўнікі і зняволеныя называюць гэта “клеткай ганьбы”.

“На ўсеагульны агляд спецыяльна гэтая клетка пастаўленая. Калі ўся зона выходзіць на фабрыку і прыходзіць з фабрыкі, вось спецыяльна ў гэты час туды саджаюць асуджаных, каб усе, як у заапарку, глядзелі…”

Іншыя забароны

У якасці пакарання ў калоніі выкарыстоўваецца забарона наведваць клуб і спартзалу, забарона іншым зняволеным камунікаваць з “вінаватымі”. Ім маглі не аддаваць лісты ці рваць у іх на вачах, зачыняць прыбіральні ўсяму атраду. 

Як катуюць у калоніі, дзе сядзіць Калеснікава
ПК-4 / "Спутнік"

“Тытанік” — гэта такі метад пакарання асуджаных, калі бяруцца два вёдры вады і выліваюцца на калідор. І асуджаная, якую караюць, павінная з дапамогай анучы як мага хутчэй дасуха выцерці ўсю падлогу. Гэта робіцца на каленях, як мага хутчэй і суправаджаецца нейкімі каментарамі, часцей за ўсё абразлівага характару”.

Правакацыі

Часта нагодай для накладання спагнанняў на палітычных зняволеных з’яўляюцца правакацыі, арганізаваныя зняволенымі з уласнай ініцыятывы або на ўказанне адміністрацыі. “Актыў” атрада і заггас бяруць непасрэдны ўдзел у псіхалагічным ціску і запалохванні палітычных зняволеных.

Акрамя таго, іншыя асуджаныя могуць фізічна ўздзейнічаць на палітычных на ўказанне аператыўных супрацоўнікаў. У выпадку выканання ўказанняў адміністрацыі такія асуджаныя атрымліваюць магчымасць нейкага заахвочвання ці палёгкі.

“Опер дае каманду “фас”... А з улікам таго, што ў 9-м атрадзе амаль усе працуюць на опера, можна каманду даць любому ці ўсім. Гэты чалавек падкідвае іголку, потым нечакана прыходзіць вобшук, знаходзіць гэтую іголку ці гэты нож з машынкі, і складаецца рапарт за захоўванне забароненага прадмета”.

“…адну дзяўчынку вельмі-вельмі моцна збілі, а аператыўны супрацоўнік увесь атрад сабраў у асобным пакоі, у пакоі выхаваўчай працы і вывеў некалькі дзяўчат, 5-6 дзяўчат вывеў, каб збівалі адну”.

Самы распаўсюджаны спосаба правакацыяў — падкідванне палітычным зняволеным якіх-небудзь забароненых прадметаў (таблеткі, іголкі, лёзы) у асабістыя рэчы, якія захоўваюцца ў капцёрках, у ложак, у кішэні адзення.

Як катуюць у калоніі, дзе сядзіць Калеснікава
Марыя Калеснікава пасля аперацыі

Пасля двух гадоў знаходжання ў калоніі была экстранна шпіталізаваная. Рэзкае пагаршэнне здароўя Марыі Калеснікавай і зробленая ёй тэрміновая аперацыя (прабадная язва страўніка) былі выкліканыя жорсткімі ўмовамі яе ўтрымання ў турэмным карцары і нясвоечасовай медыцынскай дапамогай.

“…у гэты дзень Машы Калеснікавай было дрэнна, яе вывозілі на аперацыю ў горад. Усе кантралёры, усе былі занятыя вось гэтым яе, ну, транспартаваннем, аховай, перамяшчэннем, і яны ў гэты дзень не адкрылі наогул на кантрольна-прапускным пункце акно перадачаў. Гэта была першая субота снежня 2022 года”.

Паводле інфармацыі ад жанчын, якія вызваліліся, Марыя першапачаткова знаходзілася ў 18-м атрадзе, які лічыцца прэс-атрадам. З боку адміністрацыі ёй надаецца самая пільная ўвага і ствараюцца невыносныя ўмовы існавання. Мэта адміністрацыі — зламаць яе волю і сілу, што не ўдаецца зрабіць дагэтуль.

“Марыя Калеснікава ўпершыню трапіла ў ШІЗА за тое, што пазычыла гадзіннік на час дзяжурства іншай дзяўчынцы. Ізноў жа, Маша Калеснікава, яна адна ў атрадзе, то-бок з ёй палітычных ніякіх няма, забараняюць з ёй наогул размаўляць”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі