"Яны панясуць адказнасць за тое, што зрабілі з нашай краінай" — Юлія Навальная
Аляксей Навальны
Юлія Навальная, жонка расійскага апазіцыянера і палітвязня Аляксея Навальнага, які загінуў у калоніі ў РФ, 16 лютага выступіла на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Навальная заклікала свет згуртавацца супраць рэжыму Уладзіміра Пуціна.
"Я хачу, каб Пуцін, усё ягонае асяроддзе, пуцінскія сябры, ягоны ўрад ведалі, што яны панясуць за тое, што яны зрабілі з нашай краінай, з маёй сям'ёй і з маім мужам, адказнасць. І гэты дзень наступіць вельмі хутка, — гаварыла Навальная. — Я хачу заклікаць усю сусветную супольнасць, усіх, хто знаходзіцца ў гэтай зале, людзей ва ўсім свеце, каб мы разам з'ядналіся і перамаглі гэтае зло. Перамаглі жахлівы рэжым, які цяпер у Расіі. І гэты рэжым, і Уладзімір Пуцін павінны панесці персанальную адказнасць за ўсе тыя жудасныя рэчы, якія яны робяць з нашай краінай Расіяй у апошнія гады".
Пра смерць 47-гадовага Аляксея Навальнага ў калоніі ў Расіі афіцыйна было паведамлена ў пятніцу. Навальны — вядомы палітычны апанент Пуціна. У 2020-м яго атруцілі, пасля чаго апазіцыянер быў у стане комы. Пасля лячэння і рэабілітацыі ў Германіі, у 2021 годзе ён вярнуўся ў Маскву, ведаючы, што яго могуць арыштаваць (што і адбылося). У 2022-м Аляксею Навальнаму прысудзілі 9 гадоў калоніі, а ў 2023-м дадалі яшчэ 19 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.