Яшчэ адно наступства ўрагану: па ўсёй краіне пашкоджаныя пасевы

Збожжа

Збожжа / pixabay.com

Град пашкодзіў пасевы па ўсёй краіне, расказалі ў Мінсельгасхарчы.

"Ва ўсіх абласцях адзначаецца пашкоджанне пасеваў. Усяго па рэспубліцы, па папярэдніх дадзеных, пацярпела 16 тысяч гектараў", — кажуць у прэс-службе міністэрства.

Больш за іншых пацярпела Гомельская вобласць — там град пашкодзіў 8,1 тыс. гектараў, на другім месцы — Мінская. Менш за ўсё дасталася Брэсцкай і Віцебскай абласцям.

 

Што адбываецца?

Моцныя вятры і ўраганы прыйшлі ў Беларусь на змену гарачай спёцы. Стыхія ўдарыла настолькі моцна, што ў некаторых раёнах краіны ўжо суткі няма святла, вады і нават мабільнай сувязі (не кажучы пра вырваныя з коранем дрэвы і пашкоджаныя машыны).

Кліматычны эксперт, магістр навук У. Шумак кажа, што ўраганаў у Беларусі цяпер будзе больш. І гэта звязанае з пацяпленнем. Яшчэ ў 1989 годзе клімат стаў больш капрызным, асабліва ў напрамках руху паветраных мас у летні час.

Вядома, у Беларусі ніколі не будзе такіх ураганаў, як у Фларыдзе або на Філіпінах, дзе хуткасць ветру дасягала 270 м/с, але моцныя вятры менавіта ў летнія перыяды года будуць назірацца, і колькасць такіх катастрафічных з'яў будзе толькі павялічвацца, — прадказвае эксперт.

Самая пара вывучыць парады Гомельскага АСВОДа. Што рабіць, калі ўраган заспеў вас на адкрытай мясцовасці?

  • Не хавайцеся пад высокія дрэвы. Спыніцеся сярод невысокіх дрэў з густой кронай (але не прыхінайцеся да ствалоў) або схавайцеся ў хмызняках.
  • Знайдзіце нізіну, яр або іншае натуральнае заглыбленне і схавайцеся ў ім.
  • Калі вы на адкрытай прасторы падчас навальніцы — лепш не бегчы. Сядзьце на кукішкі або на ізаляваную галінамі або камянямі зямлю, галаву апусціце на сагнутыя ў каленях ногі.
  • Падчас навальніцы нельга купацца ў вадаёмах.
  • Калі вы вудзіце рыбу ў лодцы, неадкладна плывіце да берага.
  • Не заходзьце пад лініі электраперадач.
  • Пакідайце аўтамабіль удалечыні ад дрэў і слаба ўмацаваных канструкцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі